Псалтыр 58 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана
Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом ягоны, каб забіць яго.
Кіраўніку хору. «Не загубі». Памятная песьня Давіда, калі Саўл паслаў сьцерагчы ягоны дом і забіць яго.
Вызваль мяне ад маіх ворагаў, Божа мой! абарані мяне ад тых, што на мяне паўстаюць.
Выбаў мяне ад ворагаў маіх, Божа, і ад тых, што паўстаюць на мяне, ратуй мяне.
вызваль мяне ад злачынцаў; уратуй ад крыважэрных,
Вызвалі мяне ад тых, што чыняць беззаконьне, і ад мужоў крыві збаў мяне.
бо вось, яны цікуюць за душою маёю; на мяне зьбіраюцца дужыя, не за правіну маю і не за грэх мой, Госпадзе;
Бо вось яны ўпалявалі душу маю; дужыя напалі на мяне не за грэх мой, Госпадзе, і не за правіны мае.
бязь віны маёй зьбягаюцца і зброю рыхтуюць; паўстань мне на дапамогу, і паглядзі.
Я бег беззаганна і проста: устань насустрач мне і глянь.
Ты, Госпадзе, Божа сілы, Божа Ізраілеў, паўстань, каб наведаць усе народы, не шкадуй нікога зь бязбожных беззаконьнікаў:
І Ты, Госпадзе, Божа сілаў, Божа Ізраіля, май на ўвазе наведаць усе народы, ня будзь міласьцівы да ўсіх, што чыняць беззаконьне.
увечары вяртаюцца яны, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць:
Увечары вернуцца яны, і будуць галодныя, як сабака, і абыдуць кругом места.
вось, яны вырыгаюць нагану сваім языком; у іхніх вуснах — мечы: «бо», думаюць, «хто чуе?».
Вось яны будуць бурчаць вуснамі сваімі, а ў вуснах іх меч, бо хто чуў?
Але Ты, Госпадзе, зь іх пасьмяешся; Ты пасароміш усе народы.
Але Ты, Госпадзе, пасьмяесься з іх, Ты пасароміш усе народы.
Сіла — у іх, але я да Цябе іду, бо Бог — мой заступнік.
Сілу маю ў Табе захаваю, бо Ты, Божа, заступнік мой.
Бог мой, Які любіць мяне, папярэдзіць мяне; Бог дасьць мне глядзець на ворагаў маіх.
Бог мой, міласьць Яго апярэдзіць мяне: Бог мой пакажа мне яе на ворагах маіх.
Не забівай іх, каб не забыўся народ мой; разьвей іх сілаю Тваёю, і скінь іх, Госпадзе, наш абаронца.
Не забівай іх, каб не забылі закону Твайго: разгані і ўпакор іх сілаю Тваёю, Госпадзе, заступнік мой.
Слова іхняга языка ёсьць грэх іхніх вуснаў; няхай пыхай сваёю яны зловяцца, за прысягу і за ману, якую яны вымаўляюць.
Грэх вуснаў іх — словы языка іх, дык хай заблытаюцца ў пыхлівасьці сваёй; і з-за праклёнаў і хлусьні стане ім вядомы канец —
У гневе іх зьнішчы, зьнішчы, каб прапалі яны; і хай ведаюць, што Бог валадарыць над Якавам аж да краю зямлі.
канец у гневе, — і ня стане іх. І пазнаюць яны, што Бог уладарыць над Якубам, над канцамі зямлі.
Хай вяртаюцца ўвечары, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць;
Увечары вернуцца яны, і будуць галодныя, як сабака, і абыдуць навокал места.
хай бадзяюцца, ежу шукаюць, і ў нянасыці ночы праводзяць.
Яны разыдуцца есьці, а як не насыцяцца, будуць наракаць.
А я буду славіць сілу Тваю і з самае раніцы ласку Тваю абвяшчаць; бо Ты быў аслонаю мне і сховам у дзень майго бедства.
А я буду сьпяваць пра сілу Тваю і зранку абвяшчаць Тваю міласэрнасьць, бо Ты стаў мне заступнікам і прытулкам у дзень бяды маёй.
Сіла мая! Цябе буду я апяваць; бо Бог — мой заступнік, Бог мой, Які любіць мяне.
Ты мой памочнік, буду апяваць Цябе, бо Ты, Божа, заступнік мой, Бог мой, міласьць мая.