Псалтыр 39 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.
 
Кіраўніку хору. Псалом Давіда.

Цьвёрда я спадзяваўся на Госпада, і Ён да мяне прыхіліўся і крык мой пачуў;
 
Цярпліва чакаў я Госпада, і Ён пачуў мяне, і выслухаў малітву маю,

падняў мяне са згубнага рова, з балоцістай багны, і паставіў на камені ногі мае, і ўмацаваў ступакі мае;
 
і выцягнуў мяне з ямы пакутаў і з багністай твані, і паставіў на скале ногі мае, і ўмацаваў мае крокі;

і даў новую песьню ў вусны мае — хвалу Богу нашаму. Убачаць многія і збаяцца, і будуць на Госпада спадзявацца.
 
і ўклаў у вусны мае новую песьню, песьню хвалы Богу нашаму: убачаць гэта многія, і збаяцца, і будуць спадзявацца на Госпада.

Дабрашчасны той чалавек, які на Госпада надзею сваю кладзе і не зьвяртаецца да ганарыстых і да тых, што да няпраўды горнуцца.
 
Шчасьлівы муж, чыя надзея — імя Госпада, і які не ўзіраўся на марнасьці і зманлівыя недарэчнасьці.

Многа зрабіў Ты, Госпадзе Божа мой. Твае цуды і думкі Твае, толькі пра нас — няма Табе роўных! — хацеў бы я прапаведаваць і гаварыць, але ім ліку няма.
 
Шмат цудоўных справаў Тваіх, Госпадзе, Божа мой, Ты ўчыніў, і ў задумах Тваіх няма падобнага да Цябе; я заяўляў і казаў: яны размножыліся бяз меры!

Ахвяры і прынашэньня Ты не схацеў; Ты адкрыў мне вушы; цэласпаленьня і ахвяры за грэх Ты не спатрабаваў.
 
Ахвяры і прынашэньня не захацеў Ты, а цела падрыхтаваў мне; цэлапаленьняў і ахвяраў за грэх Ты не вымагаў.

Тады я сказаў: вось, іду; у зьвітку кніжным пра мяне напісана:
 
Тады сказаў я: «Вось прыходжу, у загалоўку кнігі напісана пра мяне:

я хачу спраўдзіць волю Тваю, Божа мой, і закон Твой у сэрцы ў мяне.
 
спаўняць волю Тваю і закон Твой, Божа мой, жадаў я ў нутры сэрца майго».

Я абвяшчаў праўду Тваю на зборні вялікай; я не забараняў вуснам маім: Ты, Госпадзе, ведаеш.
 
Я апавяшчаў справядлівасьць на сходзе вялікім, дык вось вуснам маім не забараню: Госпадзе, Ты ведаеш.

Праўды Тваёй не хаваў у сэрцы маім, абвяшчаў вернасьць Тваю і выратаваньне Тваё, ня ўтойваў Тваёй ласкі і праўды Тваёй перад сходам вялікім.
 
Справядлівасьць Тваю я не хаваў у сэрцы маім, я гаварыў пра праўду Тваю і збаўленьне Тваё. Я не ўтаіў міласьці Тваёй і праўды Тваёй перад вялікім сходам.

Не запыняй, Госпадзе, шчадротаў Тваіх ад мяне; ласка Твая і праўда Твая хай няспынна ахоўваюць мяне,
 
Ты ж, Госпадзе, не аддаляй міласьцяў Тваіх ад мяне: ласка Твая і праўда Твая хай заўсёды ахоўваюць мяне.

бо няшчасьці мяне абступілі безьлічныя; беззаконьні мае дасягнулі мяне, так што і бачыць не магу; іх болей, чым валос на маёй галаве; сэрца маё пакінула мяне.
 
Бо вось атачылі мяне няшчасьці, якім няма ліку, авалодалі мною беззаконьні мае, і я ня меў сілы глядзець; размножылася іх больш як валасоў на галаве маёй, і сэрца маё панікла ўва мяне.

Удабраволься, Госпадзе, выбавіць мяне; Госпадзе! пасьпяшайся на дапамогу мне.
 
Акажы ласку, Госпадзе, ратуй мяне! Госпадзе, сьпяшайся мне на дапамогу!

Хай пасаромяцца і хай паганьбаваныя будуць усе, што шукаюць згубы душы маёй! Няхай адхіснуцца назад і абсьмяяныя будуць, хто зычыць мне ліха!
 
Хай засаромеюцца, а разам і зьбянтэжацца тыя, што шукаюць душы маёй, каб загубіць яе. Хай адступяць назад і сумеюцца тыя, што жадаюць мне зла.

Хай скамянеюць ад ганьбы тыя, што кажуць мне: добра! добра!
 
Хай імгненна асоромяцца тыя, што кажуць мне: «Добра, добра яму так».

Хай радуюцца і весяляцца Табою ўсе, што шукаюць Цябе, і хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць увесь час: «вялікі Гасподзь!».
 
Хай радуюцца і цешацца Табою ўсе, што шукаюць Цябе, Госпадзе, і хай тыя, каму любае збаўленьне Тваё, заўжды кажуць: «Хай узьвялічыцца Госпад!»

А я гаротны і ўбогі, але Гасподзь пра Мяне дбае. Ты — дапамога мая і Ратунак мой, Божа мой! не спазьніся!
 
А я бедны і ўбогі: Госпад парупіцца пра мяне. Ты мой памочнік і абаронца: Божа мой, не пазьніся!