Псалтыр 72 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Псальма Асафава. Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам!
 
Псалом Асафа. Як жа міласэрны Бог Ізраіляў Да сэрцам чыстых!

А я — ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, —
 
Маі ж ногі ледзь не пахіснуліся, І ледзь не паслізнуліся стопы мае.

я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных,
 
Бо я бяззаконным пазайздросціў, Калі ўбачыў грэшных дабрадзёнства.

бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх;
 
Бо няма ганебнай смерці ў іх, І не маюць пакутаў цяжкіх яны.

на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць.
 
Няма цяжкай працы ў іх. І пазбягаюць турбот чалавечых.

Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх;
 
Таму гардзея адолела іх да канца, Апрануліся ў няпраўду і бяссумленнасць сваю.

вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца,
 
Лішак пардзіў няпраўду іх, Маюць болей, чым жадае сэрца іхняе.

сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць;
 
Задумляюць і кажуць падман, Няпраўду на вышэйшае маўляюць.

вусны свае ўзносяць да неба, — а іхні язык па зямлі валачэцца.
 
Падымаюць да неба вусны свае, Языком нізка па зямлі сцелюць.

Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п’юць ваду поўнаю чараю
 
Таму адвернецца народ Мой ад іх, І жыццё свае ад іх зверне.

і кажуць: «як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?»
 
І кажуць: «Ці ведае Бог? І ці бачыць гэтае Звышні?»

І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце.
 
Вось грэшныя у досыці жывуць І багацце маюць.

І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі,
 
І казаў я: «Ці не марна я хаваў сэрца ў праўдзе? І з непавіннымі мыў рукі свае?

і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю?
 
І быў у турботах увесь дзень І ранак свой з самавыкрыцця пачынаў?»

Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, — дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх.
 
Але калі б казаў гэтак, То быў бы павінны перад родам сыноў Тваіх.

І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх,
 
Таму мне было цяжка зразумець, Пакуль не ўвайшоў у свяціла Твае і не зразумеў канец іхні.

пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца.
 

Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы.
 
Але за падступства іхняе Ты прыгатаваў ліха на іх, Зрынеш іх, бо ўзаганарыліся.

Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў!
 
Як раптоўна загалелі яны, зніклі, Загінулі за бяззаконне свае.

Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі.
 
Як сон дурны, калі чалавек прачынаецца, Так знішчыў выяву іх Ты ў горадзе Тваім.

Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая,
 
Бо калі плавілася сэрца мае, І нутро мае перамянялася.

быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою.
 
Я быў нікчэмны і неразумны, Быццам той скот у Цябе.

Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку:
 
Але я заўсёды з Табой, І ўзяў Ты правую руку маю.

Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне.
 
І праўдай Тваёй накіраваў мяне, І з пахвалой прыняў мяне.

Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі.
 
Што ёсць для мяне на небе? І чаго мне жадаць ад Цябе на зямлі?

Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог — цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна,
 
Знікае плоць мая і сэрца мае, Божа сэрца майго, і частка мая — Бог мой навекі.

бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца.
 
Бо загінуць усе, хто адышоў ад Цябе, Панішчыў адвярнуўшыхся ад Цябе.

А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!
 
Мне ж даляпіцца да Бога дабро ёсць і ўскладаць на Бога спадзяванне мае, Узвяшчаць усе хвалы Твае ў браме дачцы Сіёна.