Псалтыр 89 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Малітва Майсея, чалавека Божага.
 
Малітва Маісея, чалавека Божыя.

Госпадзе! Ты нам прыстанішча з роду ў род.
 
Божа, прытулак быў для нас ад роду да роду.

Перш чым нарадзіліся горы, і Ты стварыў зямлю і сусьвет, і ад веку да веку Ты — Бог.
 
Перш, чым узняліся горы, і сатварылася зямля і сусвет, Ад веку і да веку Ты быў.

Ты вяртаеш чалавека ў тло, і кажаш: вярнецеся, сыны чалавечыя!
 
Не адвярніся ад нас змірыўшыхся, Бо Ты казаў: «Звярніцеся сыны чалавечыя!»

Бо прад вачыма Тваімі тысяча гадоў, як дзень учарашні, калі ён прыйшоў, як варта начная.
 
Бо тысяча гадоў перад Тварам Тваім, Божа, што дзень учорашні, Які прайходзіць, як варта начная.

Ты быццам паводкаю зносіш іх; яны — як сон, як трава, што раніцаю вырастае, раніцаю цьвіце і зелянее, увечары вяне і сохне;
 
Нікчэмныя іх гады, як трава ранішняя пройдуць, Раніцай заквітнее, а ўвечары паападзе і засохне.

бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, і ад лютасьці Тваёй мы разгубленыя.
 
Бо змаліліся ў гневе Тваім, І патрэсліся ад лютасці Тваёй.

Ты паклаў прад Сабою правіны нашыя і нашы тайноты ў сьвятло аблічча Твайго.
 
Ляжаць бяззаконні нашы перад Табой, І век наш пад святлом Твару Твайго.

Усе дні нашыя прайшлі ў гневе Тваім; мы трацім гады нашыя, нібы гук.
 
Бо ўсе дні нашы скончаюцца, І ў гневе Тваім змаліліся.

Дзён гадоў нашых — семдзесят гадоў; а пры большай моцы восемдзесят гадоў; а самая лепшая іх пара — праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім.
 
Гады нашы што павуцінне павучае, дзён нашых — семдзесят год, а ў сілах — восемдзесят год, І большасць з іх — праца і хвароба, і ўціхамірымся і навучымся.

Хто ведае сілу гневу Твайго, і лютасьць Тваю па меры страху Твайго?
 
Хто зведаў моц гнева Твайго, І ў страсе Тваім гнеў Твой спасціг?

Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць.
 
Руку Тваю з’яві нам І абарані мудрасцю сэрца наша.

Павярніся, Госпадзе! Дакуль? Умілажалься з рабоў Тваіх,
 
Не звяртаешся, Божа, да нас даколі? І уміласэрніся да рабоў Тваіх.

раніцай насыці нас міласэрнасьцю Тваёю, і мы будзем радавацца і весяліцца ўсе дні нашыя.
 
Напоўнімся з раніцы міласэрнасцю Тваёй, Божа, І ўзрадуемся і ўзвясялімся.

Разьвесялі нас за дні, калі Ты пабіваў нас, за леты, калі мы бачылі нягоды.
 
Ва ўсе дні нашы ўзрадуемся, за ўсе дні, што Ты змаліў нас, За гады, у якія бачылі ліха.

Хай выявіцца на рабах Тваіх дзея Твая, і на сынах іхніх — слава Твая;
 
І ўбач рабоў Тваіх, сатвораных Табой, І навучы сыноў іх.

і хай будзе добрая воля Госпада Бога нашага на нас, і ў дзеях рук нашых пасабляй нам, у дзеях рук нашых пасабляй.
 
І заззяе святло Ўладара Бога нашага на нас, І справы нашых рук выправі ў нас, і справы рук нашых выправі.