Псалтыр 118 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Алілуя. Дабрашчасныя — беззаганныя ў дарозе, што ходзяць у законе Гасподнім.
Алелюйя. Шчаслівыя беззаганныя на шляху сваім, Што ходзяць у законе Божым.
Дабрашчасныя — хто прымае сьведчаньні Ягоныя, хто ўсім сэрцам шукае Яго!
Шчсаслівыя, хто захоўвае сведчанні Ягоныя, І ад усяго сэрца шукаюць Яго.
Яны крыўды ня чыняць, ходзяць шляхамі Ягонымі.
Хто крыўду не робіць, Той па шляху Ягоным ідзе.
Ты запавёў наказы Твае выконваць дакладна.
Ты запаведаў усім Запаветы Твае цвёрда трымаць.
О, каб дарогі мае былі простыя да захаваньня Тваіх пастановаў!
О, калі б накіраваны быў шлях мой Да выканання запаветаў Тваіх!
Тады не пасаромеўся б я, гледзячы на ўсе Твае запаведзі;
Не пасароміўся тады б, Пазіраючы на запаветы Твае.
шчырым сэрцам Я славіў бы Цябе, вучыўся б судам Тваёй праўды.
Праслаўлю Цябе правым сэрцам, Калі павучаюся законам праўды Тваёй.
Буду трымацца Тваіх пастановаў; не пакідай мяне назусім.
Захаваю павучэнні Твае, Не пакідай мяне назусім.
Чым юнак утрымае свой шлях у чысьціні? — Калі будзе трымацца словаў Тваіх.
Чым малады выправіць шлях свой? — Захаваннем слоў Тваіх.
Цэлым сэрцам сваім я шукаю Цябе! ня дай мне збочыць ад запаведзяў Тваіх.
Усім сэрцам маім шукаю Цябе, Не дай мне адысці ад запаветаў Тваіх.
У сэрцы маім я схаваў слова Тваё, каб не грашыць прад Табою.
У сэрца свае паклаў словы Твае, Да не саграшу Табе.
Дабраславёны Ты, Госпадзе! навучы мяне пастановам Тваім.
Дабраславены Божа, Навучы мяне апраўданням Тваім.
Вуснамі маімі абвяшчаў я ўсе суды Тваіх вуснаў.
Вуснамі сваімі я ўзвяшчаў Наказы вуснаў Тваіх.
На шляху Тваіх сьведчаньняў я радуюся, як у кожным багацьці.
На шляху Тваіх сведчанняў Суцешуся імі як усякім багаццем.
Пра запаведзі Твае разважаю, і гляджу на шляхі Твае.
Пра наказы Твае разва́жу І зразумею шляхі Твае.
Пастановамі Тваімі суцяшаюся; не забываю слова Твайго.
Апраўданнямі Тваімі навучуся, Не пазабуду словы Твае.
Акажы ласку рабу Твайму, і буду я жыць і трымацца слова Твайго.
Дабраспрыяй рабу Твайму, ажыві мяне, І я захаваю словы Твае.
Разамкні вочы мае і пабачу дзівосы закона Твайго.
Адчыні вочы мае, І зразумею цудоўнасць законаў Тваіх.
Прыхадзень я на зямлі; не хавай ад мяне запаведзяў Тваіх.
Падарожнік я на зямлі гэтай, Не хавай ад мяне запаветаў Тваіх.
Зьнемагла душа мая ад жаданьня судоў Тваіх ва ўсялякі час.
Палюбіла душа мая Законы Твае на час усякі.
Утаймаваў Ты пыхлівых, праклятых, што ўхіляюцца ад Тваіх запаведзяў.
Забараніў пыхлівым, Праклятым, што ўхіляюцца ад запаветаў Тваіх.
Адвярні ад мяне зьнявагу і сорам, бо я захоўваю сьведчаньні Твае.
Збаві мяне ад панашэння і ганьбы, Бо сведчаній Тваіх я шукаў.
Князі сядзяць і змаўляюцца супраць мяне; а раб Твой разважае пра пастановы Твае.
Бо ўзвялі паны паклёп на мяне разам, Раб жа Твой разважаў пра загады Твае.
Сьведчаньні Твае — суцяшэньне маё, і пастановы Твае — дарадцы мае.
Бо сведчанні Твае навучаюць мяне, І дарадчыкі маі — настаўленні Твае.
Душа мая кінута ў пыл; ажыві мяне словам Тваім.
Прынікла да зямлі душа мая, Але ажыві мяне словам Тваім.
Абвясьціў я дарогі мае, і Ты пачуў мяне; навучы мяне пастановам Тваім.
Абвесціў я шляхі свае, і Ты пачуў мяне, Навучы мяне апраўданням Тваім.
Дай зразумець мне шлях загадаў Тваіх, і буду разважаць пра дзівосы Твае.
Шлях запаветаў Тваіх дай зразумець мне, І пра цуды Твае разважаць буду.
Душа мая растае ад журботы: умацуй мяне паводле слова Твайго.
Знікае душа мая ад роспачы, Зацвердзі мяне словам Тваім.
Адвярні ад мяне дарогу маны, і закон Твой даруй мне.
Шлях няпраўды адхілі ад мяне, І законам Тваім памілуй мяне.
Я выбраў дарогу праўды, паставіў перад сабою суды Твае.
Выбраў шлях праўды, І законы Твае не пазабыў.
Я прыляпіўся да сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе; не пасаромі мяне.
Даляпіўся да сведчаній Тваіх, Божа, не пасаромі мяне.
Пацяку шляхам запаведзяў Тваіх, калі Ты расшырыш сэрца маё.
Шляхам запаветаў Тваіх пакрочу, Калі пашырыш сэрца мае.
Пакажы мне, Госпадзе, шлях пастановаў Тваіх, і я буду трымацца яго да канца.
Зрабі законам мне шлях наказаў Тваіх, І буду заўсёды імкнуцца да яго.
Дай мне зразумець, і буду трымацца закону Твайго і захоўваць яго ўсім сэрцам.
Навучы мяне, і навучуся закону Твайму, І захаваю яго ўсім сэрцам сваім.
Пастаў мяне на сьцежку запаведзяў Тваіх, бо я жадаю яе.
Накіруй мяне на сцежку запаветаў Тваіх, Бо жадаю іх.
Прыхілі маё сэрца да адкрыцьцяў Тваіх, а не да карысьлівасьці.
Дахілі сэрца мае да сведчаняў Тваіх, А не да ліхаймання.
Адвядзі вочы мае, каб ня бачыць марноты; ажыві Ты мяне на дарозе Тваёй.
Зачыні вочы мае, каб не бачыць мітусні, На шляху Тваім ажыві мяне.
Сьцьвердзі слова Тваё рабу Твайму, каб багавейны я быў прад Табою.
Пастаў перад рабом Тваім Слова Твае дзеля страху Твайго.
Адвядзі ад мяне зьнявагу, якое баюся; бо суды Твае добрыя.
Адхілі ганьбу маю ў розуме маім, Бо суды Тваі міласэрныя.
Вось, я пажадаў загадаў Тваіх; ажыві мяне праўдаю Тваёю.
Вось пра́гну запаветаў Тваіх, Праўдай Тваёй ажыві мяне.
Хай сыдзе на мяне, Госпадзе, міласьць Твая, выратаваньне паводле слова Твайго,
І хай зыдзе на мяне міласэрнасць Твая, Божа, Ратаванне Твае па слову Твайму.
і я адкажу таму, хто мяне зьневажае, бо я спадзяюся на слова Тваё.
І адкажу ганьбячым мяне, Бо спадзяюся на слова Твае.
Не адбірай зусім ад вуснаў маіх слова праўды, бо я спадзяюся на суды Твае
Не адымай ад вуснаў маіх словы праўды назаўсёды, Бо спадзяюся на суды Твае,
і буду трымацца суду Твайго заўсёды, на векі вечныя;
І закон Твой захаваю вечна, Ад веку і да веку.
буду хадзіць свабодна, бо наказаў Тваіх я шукаю,
І шырока закрочу, Бо запаветаў Тваіх шукаю.
буду маўляць пра адкрыцьці Твае перад царамі, і не пасаромеюся;
Казаў пра сведчанні Твае перад царамі І не пасароміўся.
буду суцяшацца запаведзямі Тваімі, якія я палюбіў;
І разважаў пра запаветы Твае, Якія палюбіў вельмі.
рукі мае працягну да запаведзяў Тваіх, якія я палюбіў, і разважаць пра Твае пастановы.
І ўздымаў рукі свае да наказаў Тваіх, што палюбіў, І даследаваў апраўданні Твае.
Згадай слова Тваё да раба Твайго, на якое Ты загадаў мне спадзявацца:
Узгадай слова Твае рабу Твайму, На якое спадзявацца загадаў.
гэта — суцяшэньне ў нягодзе маёй, што слова Тваё суцяшае мяне.
Яны суцешылі мяне пад час панашэння майго, Бо словы Твае звярнулі мяне да жыцця.
Гардуны зь мяне надта глуміліся, але я ня ўхіліўся ад закона Твайго.
Ганарлівыя закон увесь час перасягаюць, А я ад закона Твайго не ўхіляўся.
Згадваў суды Твае, Госпадзе, зьвеку, і суцяшаўся.
Узгадаў я суды Твае вечныя, Божа, І суцешыўся.
Жах агартае мяне, калі бачу бязбожных, якія законы Твае пакідаюць.
Смуткую, калі бачу грэшных, Што пакінулі закон Твой.
Пастановы Твае былі песьнямі мне ў мясьцінах вандровак маіх.
Песнямі былі мне апраўданні Твае На шляху падарожжа майго.
Уначы ўспамінаў я імя Тваё, Госпадзе, і трымаўся закону Твайго.
Узгадаў ноччу імя Твае, Божа, І захаваў закон Твой.
Ён зрабіўся маім, бо загады Твае я шаную.
Ён зрабіўся маёй існсцю, Бо шукаў апраўданняў Тваіх.
Доля мая, Госпадзе, сказаў я, трымацца слова Твайго.
Ты, Божа — гэта Доля мая Кажу, буду трымаць закон Твой.
Маліўся Табе я ўсім сэрцам: памілуй мяне паводле слова Твайго.
Памаліўся перад тварам Тваім усім сэрцам маім, Злітуйся да мяне па слову Твайму.
Разважаў пра шляхі мае, і павярнуў свае ногі да сьведчаньняў Тваіх.
Узгадаў шлях Твой І накіраваў ногі свае да сведчанняў Тваіх.
Сьпяшаўся і не марудзіў выконваць запаведзі Твае.
Прыгатаваўся не бянтэжыцца І захаваць запаветы Твае.
Сеткі бязбожных акружылі мяне; але не забываў я закона Твайго.
Сеткі грэшных агарнулі мяне, Але закона Твайго не забыў.
Апоўначы падымаўся славіць Цябе за справядлівыя суды Твае.
Апоўначы паднімаўся я Ўславіць Твае суды па праўдзе.
Саўдзельнік я ўсім, хто баіцца Цябе і хто наказы Твае шануе.
Саўдзельнік я ўсім багабаязным, Што захавалі запаветы Твае.
Ласкаю Тваёй, Госпадзе, поўніцца ўся зямля; навучы мяне пастановам Тваім.
Дабротамі Тваімі, Божа, поўніцца зямля, Навучы мяне апраўданням Тваім.
Добра зрабіў Ты рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.
Дабро сатварыў рабу твайму, Божа, Па слову Твайму,
Добраму разуменьню і веданьню навучы мяне, бо запаведзям Тваім я веру.
Дабраце і разуменню, і розуму навучы мяне, Бо запаветам Тваім веру.
Пакуль я цярпеў, я блукаў; а сёньня слова Твайго трымаюся.
Дакуль Ты не прыгнеціў мяне, я грашыў, Таму зараз хаваю слова Твае.
Добры і дабрадзейны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.
Міласэрны Ты, Божа, І па дабрыні Сваёй навучы мяне настаўленням Сваім.
Гардуны плятуць на мяне ману; а я ўсім сэрцам загады Твае шанавацьму.
Памножылася да мяне няпраўда грэшных, А я ўсім сэрцам выпрабую запаветы Твае.
Затлусьцела ў іх сэрца, стала, як лой; а я законам Тваім суцяшаюся.
Затлусцела, як сыр сэрца іх, А я закону павучаўся Твайму.
Добра мне, што я пацярпеў, каб навучыцца Тваім пастановам.
Добра для мяне, што Ты зма́ліў мяне, Цяпер навучуся апраўданням Тваім.
Закон Тваіх вуснаў мне лепей за тысячы золата і срэбра.
Даражэй мне наказы вуснаў Тваіх Болей мноства срэбра і золата.
Рукі Твае стварылі мяне і збудавалі мяне; дай мне розуму і навучуся запаведзям Тваім.
Рукі Твае сатварылі і зрабілі мяне. Дай розуму мне і навучуся запаветам Тваім.
Хто баіцца Цябе, убачаць мяне і парадуюцца, што я спадзяюся на слова Тваё.
Богабаязныя ўбачаць мяне і ўзрадуюцца, Бо на слова Божае спадзяваўся.
Ведаю, Госпадзе, што суды Твае справядлівыя, і па справядлівасьці Ты пакараў мяне.
Зразумеў, Божа, што суды Твае па праўдзе, І справядліва прыгнеціў мяне.
Хай жа міласьць Твая будзе мне ўцехаю паводле слова Твайго рабу Твайму.
Няхай будзе міласэрнасць Твая рабу Твайму, Што суцешыць мяне па жаданню Твайму.
Хай прыйдзе мне Твой мілажаль, і буду я жыць; бо закон Твой — суцяшэньне маё.
Да дойдзе да мяне шчодрасць Твая, і жывы буду, Бо закон Твой — павучэнне для мяне.
Хай пасаромлены будуць пыхлівыя, бо бязь віны прыгнятаюць мяне; я разважаю пра загады Твае.
Да пасаромеюцца пыхлівыя, бо не па закону варагавалі на мяне, Я ж запаветы Твае даследую.
Хай зьвернуцца да мяне тыя, што баяцца Цябе і ведаюць сьведчаньні Твае.
Няхай прымаюць мяне богабаязныя І ведаючыя сведчанні Твае.
Хай будзе сэрца маё беззаганнае ў вуснах Тваіх, каб я не пасаромеўся!
Няхай будзе сэрца мае беззаганным па апраўданням Тваім, Да не пасарамлюся.
Душа мая прападае па ратунку Тваім; спадзяюся на слова Тваё.
Знікае душа мая без ратавання ад Цябе, На абяцанні Твае спадзяюся.
Прападаюць вочы мае па слове Тваім; я кажу: калі Ты суцешыш мяне?
Істаміліся вочы мае без звяртання Твайго, Кажу, калі суцешыш мяне?
Я зрабіўся, як мех у дыме; а пастановаў Тваіх не забыўся.
Бо зрабіўся як кажаны мех на марозе, Але ж запаветаў Тваіх не пазабыў.
Колькі дзён у раба Твайго? Калі ўчыніш суд над маімі ганіцелямі?
Колькі тых гадоў засталося рабу Твайму? Калі ж сатворыш мне суд супраць ганіцеляў маіх?
Яму выкапалі мне гардзеі насуперак закону Твайму.
Паведалі мне бяззаконныя свае навучэнні, Але ж не закон Твой, Божа.
Усе запаведзі Твае — праўда; несправядліва перасьледуюць мяне; памажы мне.
Усе запаветы Тваі — праўда, Таму без праўды гоняць мяне, дапамажы мне.
Ледзьве не загубілі мяне на зямлі, але я не пакінуў загадаў Тваіх.
Ледзь не змарнавалі мяне, Але ж запаветаў Тваіх не пакінуў.
Па літасьці Тваёй ажыўляй мяне, і буду захоўваць сьведчаньні вуснаў Тваіх.
Па дабрыні Тваёй ажыватвары мяне, І захаваю сведчанні вуснаў Тваіх.
Навечна, Госпадзе, слова Тваё сьцьверджана на нябёсах;
У векі слова Твае, Божа, На небе прабывае.
праўда Твая з роду ў род. Ты паставіў зямлю, і стаіць яна.
У родзе і родзе праўда Твая, Заснаваў зямлю і даўгавечна яна.
Паводле Тваіх вызначэньняў усё стаіць і дагэтуль; бо ўсё служыць Табе.
Па зачыну Твайму пачынаецца дзень, Бо ўсё служыць Табе.
Калі б не закон Твой быў суцяшэньнем маім, загінуў бы я ў нягодах маіх.
Каб закон Твой не навучыў мяне, Тады загінуў бы ў бядотах маіх.
Вавек не забуду загадаў Тваіх, бо імі Ты ажыўляеш мяне.
У век не пазабуду апраўданняў Тваіх, Бо яны ажывілі мяне.
Я Твой: уратуй мяне; бо я наказаў Тваіх шукаю.
Ратуй мяне, бо Табе належу, Бо апраўданняў Тваіх шукаю.
Бязбожнікі пільнуюць мяне, каб загубіць; а я паглыбляюся ў адкрыцьці Твае.
Мяне шукалі грэшныя, каб знішчыць мяне, Але сведчанні Тваі разумеў.
Я бачыў мяжу дасканаласьці ўсякай; але Твая запаведзь надта шырокая.
Межы дасканаласці ўсякай бачыў, Але закон Твой шырэй за ўсё.
Як люблю я закон Твой! увесь дзень пра яго разважаю.
Як жа я палюбіў закон Твой, Божа, Кожны дзень павучаюся ў ім.
Запаведзьдзю Тваёю Ты зрабіў мяне мудрэйшым за ворагаў маіх; бо яна заўсёды са мною.
Звыш ворагаў маіх умудрыў мяне запаветам Тваім, Ён мой навечна.
Я стаўся разумнейшы за настаўнікаў маіх; бо разважаю пра сьведчаньні Твае.
Звыш настаўнікаў маіх стаў разумнейшы, Бо сведчанні Твае — навучэнне мае.
Я ведаю болей за старцаў; бо загады Твае шаную.
Забольш старэйшынаў разумею, Бо шукаю запаветаў Тваіх.
Ад усякай ліхое дарогі ўхіляю ногі мае, каб трымацца слова Твайго;
Ад усялякага шляху ліхога адхіляю ногі свае, Бо хацеў захаваць словы Твае.
ад судоў Тваіх ня ўхіляюся, бо Ты навучаеш мяне.
Ад наказаў Тваіх не ўхіляўся, Бо Ты даў закон мне.
Якое салодкае слова Тваё майму паднябеньню! лепей за мёд вуснам маім.
Якія салодкія языку майму словы Твае, Саладзей мёду яны вуснам маім.
Ад наказаў Тваіх я стаўся разумнейшы, таму ненавіджу любы шлях маны.
Уразумеў запаветы Тваі, Таму ненавісны мне ўсялякі шлях няправы.
Слова Тваё — сьветач нагам маім і сьвятло сьцежцы маёй.
Светач нагам маім — закон Твой, І ён асвячае сцежкі маі.
Я прысягнуў шанаваць справядлівыя суды Твае, і выканаю.
Прысягнуў выконваць і захаваць Справядлівыя запаветы Тваі.
Моцна прыгнечаны я, Госпадзе; ажыві мяне паводле слова Твайго.
Прыгнечаны да зямлі я, Божа, Ажыватвары мяне словам Тваім.
Хай будзе воля Твая, Госпадзе, прыняць дабраахвотную ахвяру вуснаў маіх, і судам Тваім навучы мяне.
Вольным ахвяры маім дабраволі, І запаветам Тваім навучы мяне.
Душа мая бесьперастанку ў руцэ маёй; але закона Твайго не забываю.
Душу маю ў рукі Тваі паклаў, І закон не забыў Твой.
Бязбожнікі паставілі на мяне пастку; але я ня ўхіліўся ад загадаў Тваіх.
Паклалі грэшныя сетку для мяне, І ад запаветаў Тваіх не заблытаўся.
Сьведчаньні Твае я прыняў, як спадчыну вечную; бо яны злагада сэрца майго.
Прыняў сведчанні Твае назаўсёды, Бо яны радасць для сэрца майго.
Я прыхіліўся сэрцам да выкананьня загадаў Тваіх навек, да канца.
Прымусіў сэрца свае выканаць апраўданні Твае, Дзеля адданя Твайго.
Вымудры паняверныя ненавіджу, а закон Твой люблю.
Ненавіджу тых, што закон ненавідзяць, А я закон палюбіў Твой.
Ты — маё покрыва і шчыт мой; на слова Тваё спадзяюся.
Дапаможца і Абаронца Ты мой, На словы Твае спадзяюся.
Адыдзеце ад мяне, беззаконныя, і буду захоўваць запаведзі Бога майго.
Адыдзіце ад мяне хлуслівыя, Я выпрабую запаветы Бога майго.
Умацуй мяне словам Тваім, і буду жыць; не пасаромі мяне ў надзеі маёй;
Заступіся за мяне па абяцанню Тваім, і жывы буду, І не пасарамлюся надзеі сваёй.
падтрымай мяне, і ўратуюся; і ў Твае пастановы ўдумвацца няспынна буду.
Дапамажы мне, і ўратуюся, І не пакіну навучацца запаветам Тваім.
Усіх адступнікаў ад пастановаў Тваіх Ты скідаеш, бо вымудры іхнія — няпраўда.
Пакараў усіх, хто адыходзіць ад апраўданняў Тваіх, Бо няправядны розум іх.
Як шашаль, зьмятаеш Ты ўсіх бязбожных зь зямлі; таму палюбіў я адкрыцьці Твае.
Уявіў сабе грэшных, закон папіраючых, Таму палюбіў сведчанні Твае.
Дрыжыць ад страху прад Табою цела маё, і судоў Тваіх баюся я.
Прыкавай да страху Твайго плоць маю, Бо суда Твайго баюся.
Я чыніў суд і праўду; не аддавай мяне ганіцелям маім.
Сатварыў суд па праўдзе, Не аддай мяне крыўдзіцялям маім.
Даручы Ты на добрае раба Твайго, каб не прыгняталі мяне гардуны.
Прымі раба Твайго дабратворачым, Да не хлусяць на мяне пыхлівыя.
Растаюць мае вочы, чакаючы ратунку Твайго і слова праўды Тваёй.
Вочы мае істаміліся, чакая ратавання Твайго І слова праўды Твайго.
Учыні рабу Твайму паводле ласкі Тваёй і пастановам Тваім навучы мяне.
Сатвары з рабом Тваім дзеля дабрыні Тваёй, І запаветы Твае дай зразумець мне.
Я раб Твой; дай розуму мне, і спазнаю адкрыцьці Твае.
Раб я Твой, пакладзі ў розум мой Разуменне сведчанній Тваіх.
Час настаў Госпаду дзейнічаць: закон Твой зьняважнілі.
Час дзейнічаць, Божа, Бо зняважылі закон Твой.
А я люблю запаведзі Твае болей за золата, золата чыстае.
Таму палюблю запаветы Твае Забольш золата і тапазаў.
Усе загады Твае — усе прызнаю справядлівымі: усякі шлях маны ненавіджу.
Таму да ўсіх запаветаў Тваіх накіраваўся, А шлях няправы ўзнянавідзіў.
Дзівосныя адкрыцьці Твае; таму іх трымае душа мая.
Цудоўныя сведчанні Твае, Таму трымаецца іх душа мая.
Сьведчаньне словаў Тваіх прасьвятляе, простым розум дае.
Сведчанне слоў Тваіх Прасвятляе і навучае немаўляты.
Размыкаю вусны мае, і ўздыхаю; бо запаведзяў Тваіх прагну.
Вусны мае адчыню і вольна ўздыхну, Бо запаветаў Тваіх жадаю.
Паглядзі на мяне і памілуй мяне, як робіш з тымі, што любяць імя Тваё.
Угледзі мяне і памілуй мяне, Як і справядліва любячых імя Твае.
Умацуй ногі мае ў слове Тваім, і ня дай авалодаць мною ніякаму беззаконьню;
Крокі мае накіруй па слову Твайму, Да не авалодаюць мною бяззаконні.
вызвалі мяне ад прыгнёту чалавечага, і буду наказы Твае шанаваць.
Ратуй мяне ад паклёпу чалавечга, І захаваю запаветы Твае.
Апрамень раба Твайго сьвятлом аблічча Твайго, і навучы мяне пастановам Тваім.
Да прасветліцца твар Твой да раба Твайго І навучы апраўданням Тваім.
З вачэй маіх цякуць патокі вады, бо не шануюць закона Твайго.
Крыніцы слёзныя цякуць з вачэй маіх, Бо не трымаўся закона Твайго.
Справядлівы Ты, Госпадзе, і суды Твае справядлівыя.
Правядны, Божа, Ты, І правядны суд Твой.
Сьведчаньні Твае, якія Ты запавядаў, — праўда і дасканалая ісьціна.
Праўду запаведаў — Сведчанні Твае і існую ісціну.
Руплівасьць мая зьядае мяне, бо мае ворагі забылі словы Твае.
Стачала мяне рэўнасць мая пра Цябе, Калі мае ворагі забылі словы Твае.
Слова Тваё вельмі чыстае, і раб Твой палюбіў яго.
Звышчыстае слова Твае, І раб Твой палюбіў яго.
Малы я і пагарджаны; але наказаў Тваіх не забываю.
Малы і пагарджаны я, Але запаветаў Тваіх не забыў.
Праўда Твая — праўда вечная, а закон Твой — ісьціна.
Праўда Твая — праўда вечная, І закон Твой сапраўдны.
Скруха і гора мяне агарнулі; запаведзі Твае — суцяшэньне маё.
Бядоты і нягоды найшлі на мяне, Запаветы Твае — навучэнне мае.
Праўда адкрыцьцяў Тваіх — вечная: дай мне розуму, і буду жыць.
Сведчанні Твае — праўда навекі, Дай разумець мяне і жывы буду.
Клічу ўсім сэрцам маім: пачуй мяне, Госпадзе; і захаваю Твае пастановы.
Заклікаў усім сэрцам маім, пачуй мяне, Божа, Бо шукаю запаветаў Тваіх.
Заклікаю Цябе; уратуй мяне, і буду захоўваць адкрыцьці Твае.
Заклікаю Цябе, ратуй мяне, І захаваю сведчанні Твае.
Сустракаючы ранак, я заклікаю; на слова Тваё спадзяюся.
Паспяшаў заклікаць папярэджваючы, Бо спадзяваўся на адказ Твой.
Вочы мае сустракаюць ранішнюю варту, каб мне заглыбляцца ў слова Тваё.
З раніцы паспяшаю адчыніць вочы мае Да павучэння словам Тваім.
Пачуй голас мой зь міласьці Тваёй, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.
Голас мой пачуй, Божа па дабрыні Тваёй І па закону Твайму зладзі жыццё мае.
Наблізіліся тыя, што намышляюць хітрыну; далёка яны ад закона Твайго.
Наблізіліся бяззконныя, што гоняць мяне, Ад закону Твайго адышоўшыя.
Блізкі Ты, Госпадзе, і ўсе запаведзі Твае — ісьціна.
Але Ты, Божа, побач са мною, І ўсе шляхі Твае — праўда.
Здаўна Я даведаўся пра сьведчаньні Твае, што Ты сьцьвердзіў іх навечна.
Наперш зведаў ад сведчанній Тваіх, Што навечна яны.
Паглядзі на нягоды мае, і вызваль мяне; бо я не забываю закона Твайго.
Бачыш, як прыгнечаны я, і ратуй мяне, Бо не забыў законаў Тваіх.
Заступіся за справу маю, і абарані мяне; словам Тваім ажыві мяне.
Судзі цяжбу маю і апраўдай мяне, Абяцання дзеля Твайго вярні да жыцця мяне.
Далёка ад бязбожных выратаваньне, бо яны пастановаў Тваіх ня шукаюць.
Далёка ратаванне ад грэшнага, Бо не шукаў запаветаў Тваіх.
Многа шчадротаў Тваіх, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.
Шчодрасцю багаты, Божа, Па суду Твайму ажыві мяне.
Многа ў мяне ганіцеляў і ворагаў; але ад сьведчаньняў Тваіх не адступлюся.
Шмат ганіцеляў і ворагаў маіх, Ад сведчанній Тваіх не ўхіліўся.
Бачу адступнікаў, і брыджуся імі; бо яны не шануюць слова Твайго.
Бачыў неразумных і смуткаваў, Бо не захавалі словы Твае.
Падзівіся, як я люблю наказы Твае; міласьцю Тваёю, Госпадзе, ажыві мяне.
Бачыш, як люблю запаветы, Божа, Твае Па дабрыні Тваёй ажыві мяне.
Аснова слова Твайго сапраўдная, і вечны ўсякі суд праўды Тваёй.
Выснова слоў Тваіх — праўда, І назаўсёды праўда ў судзе Тваім.
Князі перасьледуюць мяне бязьвінна; але сэрца маё баіцца слова Твайго.
Паны праганялі мяне дарэмна, Але слоў Тваіх баялася мае сэрца.
Радуюся я слову Твайму, як той, хто вялікі дастатак прыдбаў.
Узрадуюся словам Тваім, Быццам вялікае багацце знайшоў.
Ненавіджу ману і грэбую ёю; а закон Твой люблю.
Няпраўду ўзнянавідзіў і ўзгрэбаваў, І палюбіў закон Твой.
Сямікроць на дзень праслаўляю Цябе за суды праўды Тваёй.
Па сем разоў на дзень славіў Цябе За справядлівыя суды Твае.
Вялікі мір у тых, што любяць закон Твой, і не спатыкаюцца яны.
Мір вялікі маюць любячыя закон Твой, І спакусы няма ім.
Спадзяюся на выратаваньне Тваё, Госпадзе, і запаведзі Твае выконваю.
Прагну ратавання Твайго, Божа, І запаветы Тваі палюбіў.
Душа мая песьціць сьведчаньні Твае, і я люблю іх моцна.
Захавай, душа мая, сведчанні Божыя І як мага палюбі іх.
Шаную наказы Твае і адкрыцьці Твае; бо ўсе шляхі мае прад Табою.
Захаваў запаветы Твае і сведчанні Твае, Бо ўсе шляхі мае перад Табою, Божа.
Хай наблізіцца енк мой прад аблічча Тваё, Госпадзе; словам Тваім дай мне розум.
Да дойдзе маленне мае да Цябе, Божа, Дай разумець слова Твае.
Хай прыйдзе маленьне маё прад аблічча Тваё, словам Тваім збаві мяне.
Да ўзыдзе прашэнне мае перад Табой, Божа, Дзеля слова Твайго ратуй мяне.
Вусны мае вымавяць славу, калі Ты навучыш мяне пастановам Тваім.
Пральюць песню вусны мае, Калі навучыш мяне запаветам Тваім.
Язык мой абвесьціць слова Тваё; бо ўсе запаведзі Твае справядлівыя.
Узвесціць язык мой словы Твае, Бо ўсе запаветы Твае — праўда.
Хай будзе рука Твая дапамогаю мне; бо я выбраў Твае загады.
Няхай рука Твая ратуе мяне, Бо запаветы Твае выконваць жадаю.
Прагну выратаваньня Твайго, Госпадзе, і закон Твой суцяшэньне маё.
Чакаю ратавання Твайго, Божа, І закон Твой павучэнне для мяне.
Хай жыве душа мая і славіць Цябе, і суды Твае хай дапамогуць мне.
Жыва будзе мая душа і ўславіць Цябе, І суды Твае апраўдаюць мне.
Я заблудзіўся, як авечка, згубленая: знайдзі раба Твайго; бо я запаведзяў Тваіх не забыўся.
Заблудзіўся, як авечка згубленая, Адшукай раба Твайго, бо не забыў запаветаў Тваіх.