Псалтыр 26 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Псальма Давідава. Перад памазаньнем. Гасподзь — сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Гасподзь — цьвярдыня жыцьця майго: каго мне палохацца?
 
Псалом Давіда. Наперад памазання. Госпад — святло мае і збаўленне мае, каго мне баяцца? Бог абароніць жыццё мае, каго мне страшыцца?

Калі будуць наступаць на мяне зласьліўцы, супастаты і ворагі мае, каб зжэрці цела маё, яны спатыкнуцца самі і ўпадуць.
 
Калі злодзеі наблізіліся да мяне, каб знішчыць плоць маю, Абражальнікі мае і ворагі мае, то знямоглі і зваліліся.

Калі выступіць супраць мяне кагорта, не збаіцца сэрца маё; калі на мяне паўстане вайна, і тады спадзявацца буду.
 
Калі выстраіцца на мяне полк, не забаіцца сэрца мае, Калі будзе на мяне бітва — на Бога спадзяюся.

Аднаго я прасіў у Госпада, толькі таго шукаю, каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцьця майго, сузіраць хараство Гасподняе і наведваць сьвятыню Ягоную;
 
Аднаго прасіў у Бога, і гэтага толькі жадаю: каб жыць мне ў доме Божым, Глядзець на прыгажосць Божыю і аведаць храм святы Яго.

бо Ён схаваў бы мяне ў Сваёй скініі ў дзень няшчасьця; схаваў бы мяне ў патайным месцы Свайго селішча, узьнёс бы мяне на скалу.
 
Бо схаваў мяне ў селішчы Сваім, калі бедаваў я, Схаваў у патаемным селішчы Сваім, на гару ўзнёс мяне.

Тады ўзьнеслася б галава мая над ворагамі наўкола мяне; і прынёс бы я ў Ягонай скініі ахвяры славаслоўя; сьпяваў бы і славіў бы прад Госпадам.
 
І зараз узняўу галаву маю на ворагі мае, абышоўшых мяне, Ахвяру зрабіў сялібе Яго — ахвяру пахвальбы і ўсклікнення пяю і спяваю Богу.

Пачуй, Госпадзе, голас мой, якім я клічу; зьлітуйся зь мяне і азьвіся мне.
 
Пачуй, Божа, голас мой, якім клічу: Памілуй мяне і пачуй мяне!

Сэрца маё кажа ад Цябе: «шукайце аблічча Майго»; і я буду шукаць аблічча Тваё, Госпадзе.
 
Табе казала сэрца мае: да Бога жадаю. Жадае Цябе вока мае, Божа, твару Твайго шукаю.

Не схавай ад мяне аблічча Твайго, не адкінь у гневе раба Твайго. Ты быў мой памочнік; не гані мяне і не пакінь мяне, Божа, Ратаўнік мой!
 
Не адвярні твару Твайго ад мяне, не адхіліся ў гневе ад раба Твайго, Стань мне памочнік, не адрыні мяне, не пакінь мяне, Божа, Збавіцелю мой!

Бо мой бацька і маці мая кінулі мяне; але Гасподзь мяне прыме;
 
Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, Бог жа прыняў мяне.

навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і накіруй мяне на сьцежку праўды, дзеля ворагаў маіх;
 
Накіруй мяне, Божа, на шлях Твой наставі мяне, На шлях праўды, вораг маіх дзеля.

не выдавай мяне сваволі ворагаў маіх; бо паўсталі на мяне сьведкі аблудныя і дыхаюць злосьцю.
 
Не аддай мяне нянавіснікам маім, Як падняліся на мяне сведкі хлуслівыя і няпраўдаю дыхаюхць.

Але я веру, што ўбачу даброць Гасподнюю на зямлі жывых.
 
Спадзяюся ўбачыць даброту Божыю На зямлі жывучых.

Май надзею на Госпада, будзь мужны; і хай мацуецца сэрца тваё, май надзею на Госпада.
 
Спадзявайся на Бога, мужнейся і да мацуецца сэрца твае, І спадзявайся на Бога.