Псалтыр 62 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Псальма Давідава, калі ён быў у пустыні Юдэйскай.
Псалом Давіда, калі ён быў у пустэльні Іюдэйскай.
Божа! Ты Бог мой, Цябе я шукаю ад золку; Цябе прагне душа мая, па Табе маё цела тужыць у зямлі пустой, высахлай і бязводнай,
Божа, Божа мой, Цябе я шукаю ад раніцы, бо прагне Цябе душа мая, І імкнецца да Цябе плоць мая ў зямлі пустой, і непраходнай, і бязводнай.
каб бачыць сілу Тваю і славу Тваю, як бачыў Цябе ў сьвятыні:
З’явіўся ў святыні Тваёй, Каб бачыць славу Тваю і моц Тваю.
бо ласка Твая лепшая за жыцьцё. Уславяць вусны мае Цябе.
Міласэрнасць Твая лепш за цякучае жыццё, Вуснамі маімі ўсхвалю Цябе.
Так дабраслаўлю Цябе ў жыцьці маім; у імя Тваё рукі мае падыму.
Так дабраслаўлю Цябе ў жыцці маім, У імя Твае ўздыму рукі свае.
Як лоем і алеем душа мая насычаецца, і радасным голасам вусны мае Цябе славяць,
Быццам тукам і алеем насыцілася душа мая, І голасам радасным усхваляць Цябе вусны мае.
калі ўспамінаю Цябе я на ложку маім, думаю пра Цябе ў часіну начную,
Калі ўзгадаю Цябе на лежаку маім, І ноччу разважаў пра Цябе.
бо Ты дапамога мая, і ў цяні крылаў Тваіх я парадуюся;
Бо быў Памагаты мне, У цені крылаў Тваіх парадуюся.
Душа мая да Цябе прыляпілася; правіца Твая трымае мяне.
Прынікла да Цябе душа мая, Прыяла мяне рука Твая.
А тыя, што шукаюць пагібелі душы маёй, сыдуць у апраметную зямлі;
А хто шукалі бязвінную душу маю, Яны пойдуць у самае пекла зямлі.
паб’юць іх сілаю меча; стануць здабычаю лісаў;
Адданыя будуць мячу, Здабычай шакалаў зробяцца.
а цар усьцешыцца ў Богу, будзе ўслаўлены кожны, хто Яму прысягае, бо замкнуцца вусны ў тых, што гавораць няпраўду.
Цар жа павяселіцца пра Бога, і пахваліцца ўсякі, хто прысягае Яму, Бо загародзяцца вусны, што кажуць няпраўду.