Псалтыр 27 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Псальма Давідава. Цябе, Госпадзе, заклікаю: цьвярдыня мая! ня будзь бязмоўны са мною, каб пры маўчаньні Тваім ня стаўся я падобным да тых, што ў магілу сыходзяць.
 
Псалом Давіда. Да цябе, Божа, усклічу, Госпадзе мой! Не прамаўчы да мяне, Бо калі маўчыш, то быццам зыходжу ў магілу.

Пачуй голас маленьняў маіх, калі я клічу Цябе, калі падымаю рукі мае да сьвятога храма Твайго.
 
Пачуй, Божа, голас малення майго, калі малюся да Цябе, Калі ўздымаю рукі мае да храма святога Твайго.

Не загубі мяне з грэшнікамі і з тымі, што крыўду ўчыняюць, якія з блізкімі сваімі гавораць пра мір, а ў сэрцы ў іх ліхое.
 
Не прыцягні мяне з грэшнымі, і з робячымі няпраўду не панішчы, Што кажуць «мір» блізкаму свайму, а ў сэрцы трымаюць лiха.

Аддай ім паводле іхніх дзеяў, паводле ліхіх учынкаў іхніх; паводле дзеяў іхніх рук ім аддай; аддай ім, што заслужылі яны.
 
Падай ім, Божа, па справам іх і па хітрым спачынам іх, Па справам рук іх падай ім, падай ім, што належыць ім.

За тое, што не зважаюць на дзеі Гасподнія і на справы рук Ягоных, Ён іх разбурыць і ня збудуе іх.
 
Бо не зразумелі яны спраў Божых, спраў рук Ягоных, Таму знішчы і не адраджай іх.

Дабраславёны Гасподзь, бо Ён пачуў голас маленьняў маіх.
 
Дабраславены Божа, Бо пачуў голас малення майго!

Гасподзь — цьвярдыня мая і мой шчыт; на яго спадзявалася сэрца маё; і я праслаўлю Яго песьняй маёю.
 
Бог Памочнік мой і Абаронца мой, на яго спадзяецца сэрца мае, І дапаможа мне і расквiтнее плоць мая, і песнямі услаўлю Яго.

Гасподзь — сіла народу Свайго і ратавальная абарона памазанца Свайго.
 
Госпад — сцвярджэнне людзей Сваіх, І збавіцельнае ратаванне Хрыста Свайго.

Ратуй Твой народ, і дабраславі Тваю спадчыну; і гадуй іх і ўзвышай іх вечна!
 
Барані людзі Твае і дабраславі набытак Твой, І абарані іх, і ўзнясі іх навекі.