Псалтыр 22 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Псальма Давідава. Гасподзь — Пастыр мой; я ніякай нястачы ня мецьму:
 
Псалом Давіда. Бог пасе мяне, І нічым мяне не пазбавіць.

Ён пасьвіць мяне на пашах зялёных, на ціхія воды водзіць мяне.
 
На зямлі хлебнай засялі мяне, На вадзе лагоднай выхаваў мяне.

Ён душу маю мацуе, кіруе мяне на сьцежкі праўды дзеля імя Свайго.
 
Душу маю звярнуў, наставіў мяне на шлях верны Імя Свайго дзеля.

Калі я пайду далінай сьмяротнага ценю, не ўбаюся ліха, бо Ты са мною; Тваё жазло і твой посах — яны супакойваюць мяне.
 
Калі і пайду сярод цемры смяротныя, не ўбаюся ліха, Бо са мною Ты, і посах Твой і паліца Твая мяне абароняць.

Ты перада мною паставіў трапезу на вачах у маіх ворагаў; намасьціў алеем галаву маю; чара мая перапоўнена.
 
Прыгатаваў перада мною трапезу мне, на вачах ворагаў маіх, Улагодзіў алеем галаву маю, і чаша Твая напоўніла сілай мяне .

Так, ласка і мілажаль хай будуць са мною ва ўсе дні жыцьця майго, і я буду ў доме Гасподнім многія дні.
 
І міласэрнасць Твая будзе са мной усе дні жыцця майго, Засялюся ў доме Божым на доўгія гады.