Псалтыр 24 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Псальма Давідава. Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю.
Псалом Давіда. Да Цябе, Божа, узняў душу сваю,
Божа мой! на цябе спадзяюся, хай ня будзе мне сорамна, хай не апануюць мяне мае ворагі.
Божа мой, на Цябе спадзяюся, Да не пасарамлюся ў векі, да не пасмяюцца з мяне ворагі мае.
Хай ня будзе сораму ўсім, хто на Цябе спадзяецца: хай будзе тым брыдка, хто бяз прычыны беззаконьне ўчыняе.
Бо ўсе, хто спадзяецца на Цябе, не пасаромяцца, А пасаромяцца тыя, хто робіць бяззаконне марнае.
Пакажы мне, Госпадзе, дарогі Твае, наставі мяне на сьцежкі Твае.
Шляхі Твае, Божа, кажы мне І накірункі Твае пакажы мне.
Накіруй мяне на праўду Тваю, і навучы мяне, бо Ты Бог ратунку майго; на Цябе спадзяюся кожны дзень.
Накіруй мяне на праўду Тваю, і навучы мяне, Божа, Бо Ты — Бог Збавіцель мой, на Цябе спадзяюся ўвесь час.
Успомні шчадроты Твае, Госпадзе, і міласэрнасьць Тваю, бо спрадвеку яны.
Узгадай шчодрасць Сваю І міласціну Тваю, што спрадвеку.
Грахоў маладосьці маёй і злачынстваў маіх не ўспамінай; з ласкі Тваёй успомні мяне Ты, Госпадзе, дзеля даброці Тваёй!
Грахі юнацтва майго і недасведчанасць маю не ўзгадай, Узгадай мяне па міласэрнасці Тваёй дзеля дабрыні Тваёй, Божа.
Добры і справядлівы Гасподзь; таму настаўляе грэшных на шлях,
Бог міласэрны і правы, Таму накіруе саграшаючых на шлях.
вядзе пакорлівых да праўды, і навучае ціхмяных шляхам Сваім.
Сціплых наставіць у праўдзе, Навучыць незласлівых шляхам Сваім.
Усе дарогі Гасподнія — міласьць і праўда тым, хто трымаецца запавету Ягонага і адкрыцьця Ягонага.
Усе шляхі Божыя — дабро і праўда Для ўсіх, шукаючых запаветаў Яго і адчыненняў Яго.
Дзеля імя Твайго, Госпадзе, даруй мне мой грэх; бо вялікі ён.
Дзеля імя Твайго, Божа, ачысці грэх мой, Бо вялікі ён.
Хто ёсьць чалавек, што баіцца Госпада? Яму пакажа Ён шлях, які трэба абраць.
Чалавеку, які Бога баіцца, Таму Ён пакажа, якім шляхам пайсці.
Душа ягоная жыцьме ў дабры, і род ягоны ўспадкуе зямлю, Салэх
Жыццё такога сярод дабра ўвядзецца, І род яго атрымае ўсю зямлю.
Тайна Гасподняя тым, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён ім адкрывае.
Бог — багабаязных моц, І Свой запавет дасць ім.
Вочы мае заўсёды да Госпада; бо Ён дастае зь сеткі ногі мае.
Вочы мае заўсёды да Бога, І Ён збавіць ад сетак ногі мае.
Паглядзі на мяне і пашкадуй мяне, бо я адзінокі і прыгнечаны.
Угледзі мяне і пашкадуй мяне, Бо я самотны і бедны.
Скруха сэрца майго павялічылася; выведзі мяне зь нягодаў маіх,
Скруха сэрца майго пабольшылася, Ад бядотаў збаві мяне.
падзівіся на пакуты мае і на зьнямогу маю, і даруй усе грахі мае.
Бач пакорлівасць маю і бярэмя мае цяжкае, І пакінь усе грахі мае.
Падзівіся на ворагаў маіх, як іх многа, і якою нянавісьцю ненавідзяць мяне.
Бач, як ворагі мае памножыліся, І як яны не справядліва мяне нянавідзяць.
Аслані душу маю, і ўратуй мяне, хай ня будзе мне сораму, што я на Цябе спадзяюся.
Захавай душу маю і збаві мяне, Да не пасарамлюся, спадзяючыся на Цябе.
Беззаганнасьць і слушнасьць хай ахаваюць мяне; бо я на Цябе спадзяюся.
Нязласлівыя і справядлівыя прыляпіліся да мяне, Бо маю спадзяванне на Цябе.
Вызвалі, Божа, Ізраіля ад усіх служкаў ягоных.
Пазбаві, Божа, Ізраіль ад усіх бядотаў яго.