Псалтыр 17 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў:
 
Кіроўцу хору. Раба Божага Давіда, які праспяваў Богу словы гэтай песні, Калі Бог збавіў яго ад рук ворагаў яго і ад рукі Саула, і ён мовіў:

палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая!
 
Палюблю Цябе, Божа, моц мая. Бог — цвярдыня мая.

Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог — скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой.
 
Госпад прытулак мой, і мой Вызваліцель, памагаты мне, і я спадзяюся на Яго, Абаронца мой, і рог ратавання майго, і Заступнік мой.

Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся.
 
Усхваляючы, усклічу да Бога І ад ворагаў маіх уратуюся.

Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне;
 
Апанавалі мяне пакуты смяротныя, І плыні бяззаконняў змялі мяне.

ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
 
Хваробы смяротныя найшлі на мяне, І пекла зусім блізка апынулася ад мяне.

У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага.
 
Але ў пакутах маіх я Бога паклікаў, іІ звярнуўся да Бога майго, Пачуў ад храма Свайго святога Ён голас мой, і плач мой дайшоў да вуха Яго.

Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог;
 
І падняўся, і захісталася зямля, І высновы гор пахіснуліся і парушыліся, бо ўгневаўся Бог на іх.

падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго.
 
Падняўся дым ад гнева Яго, і полымя ад твару Бога ўзнялося, І вуголлі ўзгарэліся ад Яго.

Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок — пад нагамі ў Яго.
 
Нахіліў нябёсы і зышоў, І цемра пад Яго нагамі.

І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру.
 
І ўзышоў на херувімы, І ляціць, ляціць на крылах паветраных.

І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных.
 
І зрабіў цемру пакровам Сваім, вакол Яго скінія Ягоная, Воды ў паветры сабраліся ў цёмныя хмары.

Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае.
 
Ад блёску Яго зрабіліся дым, і град, І вуголле палымянае.

І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле.
 
І ўзгрымеў з неба Госпад, І падаў голас Свой Вышні.

Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх.
 
Пусціў стрэлы Свае і разагнаў ворагаў, Ударыў маланкамі і разбегліся ўсе.

І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго.
 
І адчыніліся крыніцы водныя, і адкрыліся высновы сусвету Ад пагрозы Тваёй, Божа, ад подыху гневу Твайго.

Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў,
 
Нахіліўся да мяне, працягнуў руку сваю І ўзняў мяне з водных плыняў.

уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне.
 
Ён бароніць мяне ад ворагаў маіх моцных І ад нянавіснікаў маіх, дужэйшых за мяне.

Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю.
 
Яны паўсталі на мяне ў гадзіну ліхую, Але Ты — апора мая, Божа.

Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне.
 
Ты вывеў мяне на прастору і вызваліў мяне, Бо Ты дабраспрыяешы мне.

Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне;
 
І дасць мне па праўдзе маёй, Па чысціні рук маіх дасць мне.

бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім;
 
Бо я захаваў шляхі Божыя І не быў бясчэсным перад Ім.

бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся.
 
Бо ўсе суды Божыя перада мною, І я не адышоў ад наказаў Ягоных.

Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць,
 
І буду беззаганны ў вачах Яго І захаваюся ад граху майго.

і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі.
 
І дасць мне Божа па праўдзе маёй І па чысціні рук маіх перад вачамі Яго.

Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым — шчыры,
 
Правядным зробіш па праведнасці, Нявінным зробіш па нявіннасці,

з чыстым — чысты, а з хітрым — паводле хітрыны ягонай.
 
Чыстым зробіш па чысціні, А распустым — па хітрасці іх.

Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш.
 
Бо ты, Божа, ціхамірных уратуеш, А пагардлівы позірк утаймуеш.

Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю.
 
Бо Ты запаліш светач мой, Божа, Божа мой, прасвяці цемру маю!

З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур.
 
Табою пазбаўлюся ад спакусы, Табою перайду горы.

Бог! — Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца.
 
Божа мой, беззаганны шлях Яго, словы Бога палымяныя, Ён Абаронца ўсіх спадзяючыхся на Яго.

Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?
 
Хто Бог акрамя Бога? Няма Бога акрамя Бога нашага!

Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях,
 
Бог апаясаў мяне сілай І паклаў беззаганны шлях перада мной.

робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне;
 
Зрабіў ногі мае лягчэ чым у аленя І на вышыні паставіў мяне.

вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны.
 
Навучыў рукі мае да бітвы, І зрабіліся яны як той медны лук.

Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
 
Даў мне шчыт ратунку, і рука Твая падтрымае мяне, І наказ Твой выправіць мяне цалкам, і наказ Твой мяне навучыць.

Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае.
 
Ты пашырыў крокі мае, І не знямогуць ногі мае.

Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх;
 
Наганю ворагаў маіх і нападу на іх, І не супакоюся пакуль не згінуць.

пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае,
 
Звалю іх, што не змогуць ўстаці, Згінуць пад нагамі маімі.

бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі;
 
І апаясаў мяне сілай на барацьбу, І кінуў мне пад ногі супастатаў маіх.

ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне:
 
Ты паказаў мне спіны ворагаў маіх, І нянавіснікаў маіх знішчыў.

яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада — але Ён ня слухае іх;
 
Яны лямантуюць, але няма каму ратаваць іх, Клічуць да бога сваайго, але ён не чуе іх.

я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх.
 
Развею іх, як той попел па паветру, Як бруд на дарозе патапчу.

Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне;
 
Ты пазбавіш мяне ад людскога абурэння, паставіш мяне на чале народаў. Людзі, якіх я не ведаў, паслужаць мне.

па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною.
 
Словы мае пачуюць і паслухаюць, Чужынцы будуць шукаць ласкі маёй.

Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх.
 
Сыны чужыя спарахнеюць і акрывеюць шляхамі сваімі.

Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго.
 
Жывы Бог, і дабраславены Божа, І да ўзнясецца Божа ратавання майго.

Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы,
 
Бог, што дае помсту за мяне, Бог, што пакарыў мне народы.

і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў.
 
Вызваліцель мой ад ворагаў маіх гняўлівых, Ад паўстаючых на мяне Ты абараняеш мяне, ад бязбожніка збаўляеш мяне.

За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму;
 
За гэта праслаўлю Цябе, Божа, у народах І імю Твайму пяю.

таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна.
 
Што дзіўна ратуе цара, Што творыць міласэрнасць хрысту Свайму Давіду, і роду яго назаўсёды.