Псалтыр 126 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Песьня ўзыходжаньня. Саламонава. Калі Гасподзь ня збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго; калі Гасподзь не ахавае горада, марна чувае варта.
 
Песня ўзыходжання. Калі Бог не ўзвядзе дом, то дарэмна працуюць будаўнікі. Калі Бог не захавае горад, то дарэмна пільнуе ахова.

Дарэмна вы рана ўстаяце, позна праседжваеце, ясьце хлеб журботы, тым часам як любаснаму Свайму Ён дае сон.
 
Дарэмна вы зранку ўздымаецеся і дапазна сядзіце, хлеб цяжкі ясце, Бо палюблёным Сваім Бог пакой падае.

Вось спадчына ад Госпада: дзеці; узнагарода Ягоная — плод ад улоньня.
 
Дзеці — вось ад Бога набытак, Дзетародства — награда Ягоная.

Што стрэлы ў руках у дужага, тое сыны маладыя.
 
Сыны маладыя — Быццам стрэлы ў руцэ волата.

Дабраславёны чалавек, які напоўніў імі калчан свой! Не застануцца яны ў сораме, калі гаварыцьмуць з ворагамі ў браме.
 
Шчаслівы, жаданні якога імі споўняцца, Ён не спалохаецца, калі пачне пры браме размаўляць з ворагам.