Псалтыр 36 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Псальма Давідава. Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым,
Псалом Давіда. Не спаборнічай з хлуслівым, І не зайздросці робячым бяззаконне.
бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць.
Бо яны, як трава, хутка пажухнуць, І як зяляніна хутка пасохнуць.
Спадзявайся на Госпада і рабі дабро; жыві на зямлі і праўды трымайся.
Спадзявайся на Бога і рабі дабро, Засялі зямлю і багацце яе пажнеш.
Суцяшайся Госпадам, і Ён спраўдзіць жаданьні сэрца твайго.
Суцешся Богам, І Ён падасць па прашэннях сэрца твайго.
Госпаду перадай дарогу тваю, і на яго спадзявайся, і Ён зробіць,
Адчыні Богу шлях свой І Ён сатворыць, калі спадзяешся на Яго.
і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць тваю, як полудзень.
І запаліць, як святло, праўду тваю, І лёс твой — як сонца апоўдзень.
Скарыся Госпаду і на Яго спадзявайся. Не зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку хітрамыснаму.
Павінуйся Богу і спадзявайся на Яго, Не зайздросць шчаснаму на шляху сваім чалавеку, які бяззаконне творыць.
Перастань гневацца і пакінь запальчывасьць; ня імкніся рабіць благое,
Спыні гнеў і пакінь лютасць, І падступнасці не пераймай.
бо хто робіць благое, будзе зьнішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе.
Бо пагінуць усе падманлівыя, А хто разам з Богам, той заселіць зямлю.
Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго.
Вось-вось і не будзе бязбожнага, І захочаш знайсці месца яго і не знойдзеш.
А пакорныя зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца спакоем вялікім.
А незласлівыя зямлю заселяць І мірам вялікім суцешацца.
Бязбожны зло намышляе супроць праведніка і скрыгоча на яго зубамі сваімі;
Назірае грэшны правяднага І паскрыгоча зубамі на яго.
а Гасподзь пасьміхаецца зь яго; бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.
Бог жа пасмяецца з грэшнага, Бо бачыць апошні дзень ягоны.
Бязбожныя вымаюць меч і напінаюць лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб зваліць тых, у каго дарога простая:
Павынімалі мячы грэшныя, нацягнулі лукі свае, Каб трапіць у беднага і сірага, трапіць у правыя сэрцам.
меч іхні ўвойдзе ў іхняе сэрца, і лукі іхнія паламаюцца.
Меч да пройдзе сэрца іх, І лукі іх пераломяцца.
Лепш — малое ў праведніка, чым багацьце — у многіх бязбожнікаў,
Лепей малы здабытак правяднага, Чым багацце грэшнага вялікае.
бо зламаюцца плечы ў бязбожных, а праведных сіліць Гасподзь!
Бо моц грэшных пакрышыцца, А правядных умацуе Бог.
Гасподзь ведае дні беззаганных і дастатак іхні застаецца навечна.
Бачыць Бог шлях беззаганных, І набытак ім навекі будзе.
Ня будуць яны пасаромлены ў люты час, і ў дні голаду сытыя будуць;
Не пасаромяцца ў гадзіну ліхую, У галодныя дні наядуцца, а грэшныя згінуць.
а бязбожныя загінуць, і ворагі Гасподнія, як авечы лой, зьнікнуць, у дыме зьнікнуць.
Ворагі Божыя ўзносяцца і славяцца, Але знікнуць нібы дым знікаючы.
Пазычае бязбожны — і не аддае, а праведны ўмілажальваецца і дае,
Бярэ грэшны і не аддае нічога, Правядны жа шчодры і раздае.
бо ўміласлаўленыя Ім — зямлю ўспадкуюць, а праклятыя Ім — будуць вынішчаны.
Бо дабраславячыя Бога заселяць зямлю, А праклінаючыя Яго знікнуць.
Ад Госпада крокі чалавека пабожнага ставяцца моцна, і Ён дабраволіць дарозе ягонай:
Бог крокі чалавечыя правіць, І Ён спрыяе шляху праведнага.
калі ён будзе падаць, не ўпадзе, бо Гасподзь падтрымлівае яго за руку.
Калі падзе, то не паб’ецца, Бо Бог падтрымае за руку яго.
Я быў малады і састарыўся, а ня бачыў праведніка пакінутага, і нашчадкаў яго, каб хлеба прасілі:
Быў малады і вось састарэў, але не бачыў правяднага пакінутым, Ні дзяцей яго, што хлеба просяць.
ён кожны дзень шкадуе і пазычае, і нашчадкам ягоным — дабраславеньне будзе.
Увесь дзень міласэрны і шчодры правядны, І род яго дабраславены будзе.
Ухіляйся ад благога, і рабі дабро, і жыць будзеш вечна:
Ухіляйся ад ліха і дабро рабі, І векі вечныя жыць будзеш.
бо і Гасподзь любіць праўду, і не пакідае богабаязных Сваіх; навек ацалёныя будуць яны; а насеньне бязбожных вынішчыцца.
Бо Бог любіць правасуддзе і пабожных Сваіх не пакіне, у век захаваюцца, Бяззаконныя ж адрынуцца і род іхні загіне.
Праведныя ўспадкуюць зямлю, і будуць жыць на ёй вечна.
Правядныя ж землю заселяць, І паселяцца на ёй на векі.
Вусны праведніка мудрасьць маўляюць, і язык ягоны вымаўляе праўду.
Вусны правяднага навучаюцца прамудрасці, І язык ягоны кажа праўду.
Закон Божы ў сэрцы ў яго; не пахіснуцца ногі ягоныя.
Закон Божы ў сэрцы яго, І не спатыкнецца нага ягоная.
Бязбожны падглядвае праведніка і спрабуе забіць яго;
Наглядае грэшны правяднага І шукае як забіць яго.
але Гасподзь не аддасьць яго ў рукі ягоныя, і ня дасьць зьвінаваціць яго, калі яго будуць судзіць.
Але ў рукі яго не дасць Бог правяднага, І, калі будзе суд над ім, апраўдае яго.
Спадзявайся на Госпада, і трымайся дарогі Ягонай: і Ён падыме цябе, каб ты зямлю ўспадкаваў; і калі будуць зьнішчаць бязбожных, ты ўбачыш.
Трымайся Бога і захавай шляхі Яго, І ўзнясе цябе, каб засяліць зямлю, і ўбачыш, як загінуць бязбожныя.
Бачыў я бязбожніка грознага, які разгаліноўваўся, нібы самарослае расахатае дрэва;
Бачыў бязбожнага, што ўзнёсся вельмі І ўзвысіўся як кедры ліванскія.
але ён прайшоў, і вось, няма яго; шукаю яго і не знаходжу.
Пабліз падышоў — і няма яго, Шукаў і не знайшоў месца яго.
Назірай за беспахібным і дзівіся на праведнага; бо чалавеку міралюбнаму — будучыня;
Назірай незласлівых і правядных, Бо сусвет — спадчына іх.
а беззаконьнікі ўсе вынішчацца; будучыня беззаконьнікаў зьнікне.
Бяззаконыя пагінуць разам усе, Не застанецца і рэшткаў бязбожнікаў.
Ад Госпада выратаваньне праведнікам, Ён — абарона ім у часіны жальбы:
Ратаванне правядных ад Бога, І Абаронца іх ёсць у гадзіну ліхую.
і дапаможа ім Гасподзь і вызваліць іх; выбавіць іх ад бязбожных і ўратуе іх, бо яны на Яго надзею кладуць.
Да паможа ім Бог, і ратуе іх, і збавіць іх ад бязбожнікаў, І ратуе іх, бо на Яго спадзяваліся.