Псалтыр 73 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Вучэньне Асафава. Навошта, Божа, назаўсёды Ты нас адкінуў? распаліўся Твой гнеў на авечак пашаў Тваіх?
 
Павучэнне Асафа. Навошта, Божа, назаўсёды адрынуў? Навошта разлютаваўся гнеў на авечак Тваіх?

Успомні пра збор Твой, які Ты прыдбаў здавён, пра племя спадчыны Тваёй, якое Ты адкупіў, — пра гэту гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.
 
Узгадай абраных Тваіх, што прыдбаў саспачатку, Вызвалі жазлом набытак Твой гару Сіён, дзе пасяліўся Ты.

Падымі Твае ногі да вечных руінаў: усё вораг разбурыў у сьвятыні.
 
Уздымі руку Свае на гардзею іх нарэшце, Колькі ліхадзеяў ў святым месцы Тваім!?

Рыкаюць ворагі Твае сярод сходаў Тваіх, паставілі знакі свае замест нашых азнакаў;
 
Ганарыліся ворагі Твае пад час свята Твайго, Паставілі знамёны свае як зазнакі.

выдавалі сябе падобнымі на таго, хто падымаў сякеру на перавітае вецьце дрэва;
 
Як у дубраве лясной, як дрэвы, Пасеклі сякерамі дзверы ў храм.

і сёньня ўсе рэзьбы ў ім адным разам разьбілі яны сякерамі і бярдышамі;
 
Усе дзверы пасклі Сякерамі і крышанамі

сьвятыню Тваю на вагонь аддалі, сялібу Твайго імя дашчэнту заплямілі;
 
Агнём папалілі свяцілішча Твае, На зямлі апаганілі месца знаходжання Твайго.

сказалі ў сэрцы сваім: «зруйнуем іх зусім!» — і спалілі ўсе мясьціны Божых сходаў на зямлі.
 
Казалі ў сэрцы сваім з паплечнікамі: «Прыйдзіце і спынім на зямлі ўсе святы Божыя».

Азнакаў нашых мы ня бачым, няма больш прарока, і няма з намі таго, хто ведаў бы, дакуль гэта будзе.
 
Зазнакаў не бачым мы, прарока няма ў нас, І за нас няма прадстаць каму.

Дакуль, Божа, вораг зьдзек чыніць будзе? ці вечна будзе агуднік імя Тваё ганіць?
 
Даколі, Божа, ганьбіць нас вораг? Даколі ён будзе ганьбіць імя Твае?

Навошта ўхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю? Зь сярэдзіны ўлоньня Твайго іх панішчы.
 
Навошта руку Тваю ад нас ухіліў І дзясніцай Тваёй не даеш нам дабра ад недраў Тваіх?

Божа, Цару мой адвеку, Ты чыніш ратаваньне пасярод зямлі!
 
Але Бог і Цар наш адвеку Сатварыў ратаванне нам сярод зямлі.

Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы зьмеям на водах;
 
Ты зацвердзіў сілай Сваёй мора, Ты панішчыў галовы змеям у водах.

Ты струшчыў галаву левіяфану, аддаў яго на ежу народу ў пустыні.
 
Ты пакрышыў галаву змея І даў яго у ежу людзям пустэчы.

Ты выкрасаў паток і крыніцу, Ты высушыў рэкі вялікія.
 
Ты адчыніў крыніцы і плыні, Ты пасушыў рэкі Іфамскія.

Твой дзень і Твая ноч; падрыхтаваў Ты сьвяцілы і сонца;
 
Твой дзень, і ноч таксама належыць Табе, Ты здзяйсняеш зоркі і сонца.

Ты правёў усе межы зямлі, лета і зіму Ты ўтварыў.
 
Ты сатварыў усю зямлю, Вясну і жніво сатварыў для яе.

Прыгадай жа: вораг Госпада зьневажае, і неразумныя людзі ганяць імя Тваё.
 
Узгадай, вораг ганьбіць Цябе, Божа, І Божае імя людзі звар’яцелыя ганьбяць.

Не аддай зьвярам душы Тваёй галубіцы; сходаў убогіх Тваіх не забудзь назаўсёды.
 
Не пакінь звярам душу, што славіць Цябе, Душ убогіх не забывай назаўсёды.

Дагледзь запавет Твой, бо цямноты зямлі поўныя жытлішчамі гвалту.
 
Запавет узгадай Свой, Бо дамы беззаконняў па зямлі памножыліся.

Хай ня вернецца прыгнечаны ў сораме; гаротны і ўбогі хай славяць імя Тваё.
 
Да не звернецца мірны чалавек у сораме, Бедны і ўбогі тады ўславяць імя Твае.

Паўстань, Божа, абарані дзеі Твае, успомні штодзённае зьневажаньне Цябе неразумнымі;
 
Паўстані, Божа, судзі цяжбу Тваю, Успомні ганебу Тваю, што ад звар’яцелых на ўвесь час.

не забудзь крыкаў ворагаў Тваіх; шум паўсталых супроць Цябе ўвесь час падымаецца.
 
Не забудзь голас малітоўнікаў да Цябе. Гардзея нянавіснікаў Тваіх усё вышэй і вышэй.