Псалтыр 40 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава,
 
Кіроўцу хору. Псалом Давіда.

Дабрашчасны, хто дбае пра ўбогага! У дзень бедства выбавіць яго Гасподзь.
 
Шчаслівы, хто разумее бедных і ўбогіх, У дзень ліхі ўзгадае яго Бог.

Гасподзь ахавае яго і жыцьцё яму зьберажэ; дабрашчасны ён на зямлі будзе. І Ты не здасі яго на волю ворагаў ягоных.
 
Бог да захавае яго і да ўлагодзіць яго на зямлі, І да не аддасць у рукі ворагаў яго.

Гасподзь умацуе яго на ложку хваробы ягонай. Ты зьменіш увесь ложак ягоны ў хваробе ягонай.
 
Бог дапаможа на ляжаку у хваробе яго, Перамяніць ложак хваробы яго.

Я сказаў: Госпадзе! зьлітуйся зь мяне, вылечы душу маю; бо зграшыў я прад Табою.
 
Казаў я: «Будзі міласэрны мне, Божа, Ратуй душу маю, бо саграшыў перад Табой».

Ворагі мае пра мяне кажуць благое: «Калі ён памрэ, і загіне імя ягонае?»
 
Ворагі казалі ў злосці пра мяне: «Калі ж нарэшце памрэ і загіне імя ягонае?»

І калі хто прыходзіць пабачыць мяне, кажа няпраўду; сэрца ягонае складае ў сабе няпраўду, і ён, выйшаўшы, гаворыць пра тое.
 
Калі падыходзіў да мяне, то крывадушнічаў і грэх задумляў, Адыходзіў і дамаўляўся пра мяне.

Усе ненавідзяць мяне, шэпчуцца паміж сабою супроць мяне, благое супроць мяне намышляюць:
 
Шапталіся разам пра мяне ўсе ворагі мае, Задумлялі мне ліхадзейства:

«слова Веліяла прыйшло на яго; ён лёг; і болей ня ўстане».
 
Словы бяззаконня казалі на мяне, «Няўжо не паднімецца, хто спіць?»

Нават чалавек мірны са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў на мяне нагу.
 
Нават сябра мой, на якога спадзяваўся я, Які еў хлеб мой, і той падняў на мяне пяту.

А Ты, Госпадзе, зьлітуйся зь мяне і мяне падымі, і я ім заплачу.
 
Ты жа, Божа, будзі міласэрны да мяне Ўзнімі мяне, і я за ўсё аддам ім.

З таго даведаюся, што Ты любіш мяне, калі вораг мой не апануе мяне,
 
З таго зразумею я, што Ты міласэрны да мяне, Калі ворагі не парадуюцца пра мяне.

а мяне захаваеш у цэласьці маёй і паставіш прад абліччам Тваім навечна.
 
Мяне дачыніў за нязлоснасць маю І захаваў перад Сабой навекі.

Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, адвечна й навечна! Амін, амін!
 
Дабраславены Бог, Бог Ізраілеў Ад веку і да веку. Так, так.