Псалтыр 106 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная!
 
Алелюйя. Праслаўце Бога, бо Добры, Вечна міласэрнасць Ягоная.

Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага
 
Так кажуць ратаваныя Богам, Якіх Ён вызваліў ад рук варожых,

і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора.
 
І з усіх краін сабраў іх — Зыходу, усходу, поўдня і поўначы.

Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада;
 
Блукалі па пустэльні бязводнай І не знаходзілі шлях да горада заселянага.

цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх.
 
Без вады і ежы знікала жыццё іхняе.

Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх,
 
І заклікалі Бога пад час скрухі сваёй, І ад нягод збавіў іх,

і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада.
 
І на шлях верны накіраваў, Каб выйшлі да заселянага горада.

Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых:
 
Да ўславяць міласэрнасць Бога І цуды Яго ўзвешчуць сынам чалавечым,

бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром.
 
Бо насыціў душу спустошаную, І душу прагную напоўніў дабром.

Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам;
 
Сядзелі ў цені смяротнай Акаваныя галечай і кандаламі,

бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі.
 
Бо не паслухалі словы Божыя І наказ Ягоны адрынулі.

Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка.
 
Таму змірыў сэрца іх тугою, Што знямоглі, і не было каму дапамагчы.

Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх,
 
І заклікалі да Бога, калі былі ў скрусе, І ад нягод ратаваў іх,

вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы.
 
І вывеў іх з цемры і цені смяротныя, І кандалы іх разбіў.

Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых:
 
Да ўславяць міласэрнасць Бога І цуды Яго ўзвешчуць сынам чалавечым,

бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў.
 
Бо Ён разбіў брамы медныя І завалы жалезныя зламаў.

Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае;
 
Павярнуў іх ад шляху бязбожнага, Бо ад бязбожнасці сваёй цярпелі яны.

усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці.
 
Усякай ежай грэбавала душа іх, І наблізіліся да брамы смерці.

Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе;
 
І заклікалі Бога ў час скрухі сваёй, І ад нягод ратаваў іх.

паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх.
 
Паслаў слова Свае і даў вылячэнне ім, І збавіў іх ад пагібелі іх.

Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
 
Да ўславяць міласэрнасць Бога І цуды Яго ўзвешчуць сынам чалавечым,

Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю!
 
І да прынясуць Яму ахвяру пахвалы, І да ўзвесцяць справы Яго ў радасці.

Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, —
 
Адыходзячыя ў мора на караблях, Што займаюцца справамі на морах вялікіх,

бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані:
 
Тыя бачылі справы Божыя І цуды Ягоныя ў глыбінях.

Ён маўляе, — і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго:
 
Казаў, і зрабілася бура, І ўзняла яна хвалі,

узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах;
 
Што да неба ўздымаюцца і ападаюць у бездань, Душа іх знікала ў бядзе.

яны кружацца і хістаюцца, нібы п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае.
 
Захісталіся, быццам п’яныя, І розум пакінуў іх.

Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх.
 
І заклікалі да Госпада, калі ў скрусе былі, І бяду адвёў ад іх.

Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца.
 
І загадаў буры, і ператварылася ў цішыню, Замоўклі хвалі яе.

І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані.
 
І калі заціхла, узрадаваліся яны, І накіраваў іх да жаданай прыстані.

Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
 
Да ўславяць міласэрнасць Бога І цуды Яго ўзвешчуць сынам чалавечым,

Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў!
 
Да ўздымуць Яго сярод людзей, І старэйшыны на радзе сваёй няхай усхваляць Яго.

Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады — у сушу,
 
Ён ператвараў рэкі ў пустэльні, Крыніцы водныя — у зямлю,

зямлю пладавітую — у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй.
 
Зямлю пладавітую — у саланчак, За ліха тых, што жывуць на ёй.

Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую — у крыніцу вады;
 
Ён пераўтварыў пустэльню ў азёрышчы І бязводную зямлю — у крыніцы водныя.

і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім;
 
І засяляіў там прагнучых, Што ўзбудавалі гарады там,

засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады.
 
І засеялі нівы, Насададжалі вінаград і вырошчвалі жыта.

Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее.
 
І дабраслаўвіў іх, і памножыліся яны вельмі, І скот іх не зменьшыўся.

Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі;
 
А тыя збяднелі і забедавалі Ад скрухі і хваробаў.

Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма.
 
Знявага найшла на начальнікаў іх, І пакінуліся блукаць па непраходным мясцінам.

А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак.
 
І дапаможа Бог убогаму ў галечы, І памножыў род ягоны як авечак.

Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае.
 
Убачаць гэта правядныя і ўзрадуюцца, А ўсялякае бяззаконне зачыніць вусны свае.

Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада.
 
Хто мудры, каб захаваць гэта? І хто зразумее міласэрнасць Бога?