Псалтыр 106 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная!
 

Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага
 

і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора.
 

Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада;
 

цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх.
 

Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх,
 

і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада.
 

Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых:
 

бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром.
 

Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам;
 

бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі.
 

Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка.
 

Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх,
 

вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы.
 

Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых:
 

бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў.
 

Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае;
 

усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці.
 

Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе;
 

паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх.
 

Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
 

Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю!
 

Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, —
 

бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані:
 

Ён маўляе, — і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго:
 

узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах;
 

яны кружацца і хістаюцца, нібы п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае.
 

Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх.
 

Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца.
 

І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані.
 

Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
 

Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў!
 

Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады — у сушу,
 

зямлю пладавітую — у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй.
 

Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую — у крыніцу вады;
 

і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім;
 

засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады.
 

Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее.
 

Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі;
 

Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма.
 

А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак.
 

Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае.
 

Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада.