Псалтыр 114 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Алілуя. Я радуюся, што Гасподзь пачуў голас мой, малітву маю,
 

прыхіліў да мяне вуха Сваё; і таму буду клікаць Яго ўсе дні мае.
 

Агарнулі мяне хваробы сьмяротныя, пакуты пякельныя агарнулі мяне; сустрэў я ўціскі і смуткі.
 

Тады клікнуў я імя Гасподняе: Госпадзе! уратуй душу маю.
 

Гасподзь літасьцівы і справядлівы, міласэрны Бог наш.
 

Асланяе Гасподзь прастадушных: я ўвесь зьнямог, і Ён дапамог мне.
 

Вярніся, душа мая, у спакой твой; бо Гасподзь умілажаліўся зь цябе.
 

Ты збавіў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёз і ногі мае — ад спатыканьня.
 

Буду хадзіць прад абліччам Гасподнім па зямлі жывых.