Псалтыр 136 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Давідава. Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён.
 

На вербах пасярод яго павесілі мы свае арфы.
 

А тыя, што нас паланілі, песьняў ад нас патрабавалі, а нашыя прыгнятальнікі — весялосьці: «пасьпявайце нам зь песьняў Сіёна».
 

Як нам сьпяваць Гасподнюю песьню на чужынскай зямлі?
 

Калі забуду цябе, Ерусаліме, хай забудзе мяне правіца мая;
 

хай прыліпне язык мой да паднябеньня, калі помніць цябе я ня буду, калі не пастаўлю Ерусаліма на чале весялосьці маёй.
 

Прыгадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дзень Ерусаліма, калі казалі яны: «руйнуйце, руйнуйце да падмурка яго».
 

Дачка Вавілона, спусташальніца! дабрашчасны, хто ўдзеліць табе за тое, што зрабіла ты нам!
 

Дабрашчасны, хто возьме й заб’е немаўлятак тваіх аб камень!