Псалтыр 103 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Псальма Давідава пра стварэньне сьвету. Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч,
 

Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону,
 

ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру.
 

Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх — з вагню палымянага.
 

Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна.
 

Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць.
 

Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны;
 

узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў.
 

Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць.
 

Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды,
 

пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю.
 

Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы.
 

Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца.
 

Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў,
 

і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку.
 

Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў;
 

на іх гняздуюцца птушкі: яліны — пад гняздо буслам,
 

высокія горы — сарнам; каменныя скалы — сховы зайцам.
 

Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад.
 

Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры;
 

ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе.
 

Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы;
 

выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара.
 

Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх.
 

Гэта мора — вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія;
 

там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім.
 

Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова.
 

Даеш ім — прымаюць; адкрываеш далоню Тваю — насычаюцца дабром;
 

схаваеш аблічча Тваё — палохаюцца; забіраеш у іх дух — паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца.
 

пашлеш дух Твой — ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі.
 

Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі.
 

Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца.
 

Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць.
 

Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе.
 

Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя!