Псалтыр 117 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
Хай скажа сёньня дом Ізраілеў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
Хай скажа сёньня дом Ааронаў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
Хай скажуць сёньня, хто баіцца Госпада: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
З уціску паклікаў я Госпада, і пачуў мяне, і на шырокае месца вывеў мяне Гасподзь.
Гасподзь за мяне — не збаюся: што зробіць мне чалавек?
Гасподзь мне памочнік: буду глядзець на ворагаў маіх.
Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на чалавека.
Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на князёў.
Усе народы абступілі мяне, але імем Гасподнім я іх скінуў;
Абступілі мяне, атачылі мяне; але імем Гасподнім я іх скінуў.
Абселі мяне, як пчолы соты, і пагасьлі, як вагонь у цёрне; імем Гасподнім я іх скінуў.
Моцна штурхнулі мяне, каб я ўпаў; але Гасподзь падтрымаў мяне.
Гасподзь сіла мая і песьня; Ён зрабіўся выратаваньнем маім.
Голас радасьці і выратаваньня ў жытлішчах праведнікаў; правіца Гасподняя творыць сілу!
Правіца Гасподняя высока, правіца Гасподняя творыць сілу!
Не памру, а жыць буду і абвяшчацьму дзеі Гасподнія.
Строга пакараў мяне Гасподзь, але сьмерцю мяне не скараў.
Адчынеце мне браму праўды: увайду ў яе, праслаўлю Госпада,
вось брама Госпада, праведныя ўвойдуць у яе.
Слаўлю Цябе, што Ты пачуў мяне і зрабіўся ратункам маім.
Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла.
Гэта — ад Госпада, і гэта дзівосна ў нашых вачах.
Гэты дзень стварыў Гасподзь: парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты!
О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці!
Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе! Дабраслаўляем вас з дома Гасподняга.
Бог — Гасподзь, і апраменіў нас; зьвяжэце шнурамі ахвяру, вядзеце да нарожнікаў ахвярніка.
Ты — Бог мой: славіць буду Цябе; Ты — Бог мой: славіць буду Цябе, (славіць буду Цябе, бо Ты пачуў мяне і зрабіўся маім ратаваньнем).
Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.