Псалтыр 121 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Песьня ўзыходжаньня. Давідава. Усьцешыўся я, калі мне сказалі: пойдзем у дом Гасподні.
 

Вось стаяць ногі нашыя ў браме тваёй, Ерусаліме, —
 

Ерусалім, пабудаваны як горад, зьліты ў адно,
 

куды сыходзяцца плямёны, плямёны Гасподнія паводле закону Ізраіля славіць імя Гасподняе.
 

Там стаяць троны суду, троны дома Давідавага.
 

Прасеце спакою Ерусаліму: хай жывуць у дабрадзенстве тыя, хто любіць цябе!
 

Хай будзе спакой у мурах тваіх, дабрадзенства — у харомах тваіх!
 

Дзеля братоў маіх і блізкіх маіх кажу я: «Мір табе!»
 

Дзеля дома Госпада, Бога нашага, зычу табе дабра.