Псалтыр 10 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава. На Госпада спадзяюся; як жа вы кажаце душы маёй: «Як птушка ўзьляці на гару вашу»?
 

Бо вось бязбожнікі лук напялі, на цяціву стралу наклалі, каб у змроку цаляць у праведных сэрцам.
 

Калі разбураны асновы, што можа зрабіць праведнік?
 

Гасподзь у сьвятым Сваім храме, Гасподзь — трон Ягоны на нябёсах, вочы Ягоныя бачаць, павекі Ягоныя выпрабоўваюць сыноў чалавечых.
 

Гасподзь выпрабоўвае праведніка; а бязбожніка і ліхадзея ненавідзіць душа Ягоная.
 

Дажджом вылье Ён на бязбожных жар, вагонь і серку; і палючы вецер — доля іхняй чары;
 

бо Гасподзь справядлівы, — любіць праўду; аблічча Ягонае бачыць праведніка.