Псалтыр 111 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Алілуя! Дабрашчасны муж, што баіцца Госпада і шчыра любіць ягоныя запаведзі.
 

Моцнае будзе насеньне ягонае на зямлі; род праведных дабраславёны будзе.
 

Дастатак і багацьце ў доме ў яго, і праўда Ягоная трывае вечна.
 

У цемры ўзыходзіць сьвятло справядлівым; добрае яно і міласэрнае і праведнае.
 

Добры чалавек міласэрны і пазычае; ён дасьць цьвёрдасьць словам сваім на судзе.
 

Ён вавек не пахісьнецца, у вечнай памяці праведны будзе.
 

Не пабаіцца нядобрае славы; сэрца ў яго цьвёрдае, спадзяецца на Госпада.
 

Умацаванае сэрца ў яго; ён не збаіцца, калі гляне на ворагаў сваіх.
 

Ён шчодра раздаў, абдарыў убогіх; праўда ягоная застаецца навечна; рог ягоны ўзьнясецца ў славе.
 

Бязбожны гэта пабачыць і будзе злавацца. заскрыгоча зубамі сваімі, і растане. Жаданьне бязбожных загіне.