Псалтыр 106 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Альлілуя!Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо ласка Яго навекі.
 

Хто выскажа магутнасьць Госпада, абвесьціць усю славу Ягоную?
 

Шчасьлівыя тыя, што праўду захоўваюць і ў кожну часіну справядлівасьць чыняць.
 

Успамяні аба мне, о Госпадзе, праз ласкавасьць да народу Твайго! Адведай мяне з успамогай Сваёй,
 

каб мне ўсьцешыцца дабрабытам выбранцаў Тваіх, каб мне радавацца радасьцяй народу Твайго, з Тваёй спадчынай разам хваліціся!
 

Саграшылі мы ды з бацькамі нашымі, правініліся й беззаконьне чынілі.
 

Бацькі нашы ў Эгіпце ў цям не ўзялі цудаў Тваіх, ня помнілі ласк Тваіх множства ды проці Ўсявышняга паўставалі ля мора Чырвонага.
 

Але Ён дапамог ім дзеля іменьня Свайго, каб зьявіці магутнасьць Сваю.
 

Крыкнуў Ён мору Чырвонаму, і яно высахла; і правёў іх праз бяздоньне, як праз стэп.
 

І вырваў іх із рук ненавісьніка іхняга, і вйзваліў із рук ворага.
 

Воды пакрылі перасьледавацеляў іхніх, і ніводзін із іх не астаўся.
 

Ды хоць і паверылі словам Ягоным і пяялі хвалу Яму,
 

але хутка аб дзеяньнях Яго забыліся, не даждаліся прысуду Яго.
 

Захапіла іх жадоба ў стэпох, пачалі Бога яны спакушаць у пустыні.
 

І даў Ён ім, чаго зажадалі, але паслаў зьнемажэньне на іх.
 

І пазайздросьцілі Майсею ў таборы, Аарону, сьвятому Гасподняму.
 

Тады расступілася зямля й праглынула Датана ды пакрыла банду Авірамаву,
 

і бухнуў агонь пад бандаю, і спаліла полымя бязбожнікаў.
 

Яны зрабілі цяля пад Харыбам і ніцма сукланіліся перад ідалам;
 

і замянілі Славу сваю на абраз быка, што траву жарэ.
 

Яны Бога забылі, Збавіцеля свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце,
 

цуды ў зямлі Хамавай, страшное ля мора Чырвонага.
 

Дык хацёў Ён вынішчыць іх, калі-б не Майсей, выбранец Ягоны, што стануў у прорве прад Ім, каб ярасьць Яго ад зьнішчэньня іх адхіліць.
 

Пасьля адракліся ад зямлі пажаданае, не паверылі слову Ягонаму.
 

Наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Госпада.
 

Дык падняў Ён руку Сваю, каб іх трупам пакласьці ў пустыні
 

і насеньне іх між паганаў расьцярушыць і рассыпаць іх па зямлі.
 

Яны прыляпіліся да Баал-Пэгора і елі ахвяры мёртвых
 

ды абуралі Яго паступкамі сваімі, і тады на іх напаў мор.
 

Дык паўстаў на суд Пінэас, і тады мор прыпыніўся.
 

І залічана яму гэта за праведнасьць з роду ды ў род навекі.
 

Пасьля яны Бога ўгнявілі ля водаў Мэрыбскіх, і за іх пацярпеў Майсей.
 

Бо гэтак дадзелі духу ягонаму, што неразважна гаварыў вуснамі сваімі.
 

Яны ня зьнішчылі народаў, як ім Госпад казаў,
 

а з паганамі зьмяшаліся ды спраў іхніх навучыліся
 

і ідалам іхнім служылі, што сеткай сталіся для іх,
 

бо чартом у ахвяру сыноў і дачок сваіх прынасілі
 

і пралівалі бязьвінную кроў, кроў сыноў і дачок сваіх, што ў ахвяру ідалам Канаанскім яны прынасілі, і зямля ад крыві апаганілася.
 

І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, блуд рабілі паступкамі сваімі.
 

І ўзгарэўся гнеў Госпада на народ Ягоны, абрыдла Яму спадчына Яго.
 

І аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі.
 

І ўціскалі іх ворагі іх, і іх моцы яны пакарыліся.
 

Шмат разоў Ён іх выбаўляў, ды яны гнявілі Яго справамі сваімі й паніжаны бывалі за беззаконьне сваё.
 

І ўсё-ж зважаў на іх гора, пачуўшы маленьне іх,
 

і ўспамінаў запавет Свой з імі, шкадаваў праз ласкавасьць Сваю вялікую.
 

І будзіў Ён спогад да іх у ўсіх, што іх паняволілі.
 

Успамажы нас, Госпадзе, Божа наш, і зьбяры Ты нас разам ад гэтых паганаў, каб нам славіць сьвятое імя Тваё і славай Тваёю хваліцца!
 

Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраілявы, ад веку й да векуі І няхай скажа ўсенькі народ: Амін! Альлілуя!