Псалтыр 73 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Псальм Асапавы. Які добры Бог для Ізраіля, для тых, што чыстыя сэрцам!
 

Мае-ж ногі чуць незахісталіся, чуць не пакаўзнуліся стопы мае.
 

Бо распаляўся я супраць гордых, бачучы шчасьлівы лёс бязбожнікаў,
 

што не зазнаюць гора ніякага, цёла-ж крэпкае ў іх і добра ускормлена,
 

і ў бяду яны не пападуцца як іншыя людзі, і туга невядома для іх, што ў іншых людзей.
 

Дзеля гэтага пыха — нашыйнік іх, гвалт замест вопраткі іх атуляе.
 

З перасычэньня паходзяць грахі іх, цераз край пераліваюцца думкі іх сэрца.
 

Над усім яны зьдзекуюцца й зласьліва абмаўляюць; звысака гавараць аб нядолі.
 

Да неба ўзьнімаюцца вуснамі сваімі, язык жа іхні па зямлі гуляе.
 

Дык туды-ж і народ Яго зварачаецца і п’е ваду поўнаю чарай.
 

Яны кажуць: Як Богу аб гэтым даведацца? Ці меў-бы веданьне аб тым Найвышэйшы?
 

Вось гэткія ёсьць бязбожнікі, ды ў поўным спакоі зьбіраюць яны свае скарбы.
 

А ці-ж гэта зусім дарэмна, што я захаваў сваё сэрца ў чыстасьці дый у нявіннасьці рукі мае абмываў,
 

мяне-ж усьцяж мучылі, й кожную раніцу цярпеў я кару маю?
 

Калі-б я падумаў: Гэта я буду расказваць!, я-б гэтым адрокся ад роду сыноў Тваіх!
 

І пачаў разважаці я, каб сьцяміць гэта, і нядоляй здавалася гэта ў маіх у вачох,
 

ажно пакуль не ўвайшоў я да Божай Сьвятыні ды не пазнаў іх канца.
 

Але, на коўзкім стаўляеш іх груньце і на пагібель скідаеш!
 

Вось яны мігам зьніштожаны, згінулі, счэзьлі ад страху!
 

Як сном пасьля прабуджэньня, так Ты грэбуеш, Госпадзс, устаўшы, вобразам іхнім.
 

Калі сэрца маё занямела і нутро маё калацілася,
 

дык я розум утраціў і ня ведаў нічога, ды быў прад Табой, як жывёла.
 

Але астаўся я пры Табе назаўсёды! Ты трымаеш мяне за правую руку маю.
 

І вядзеш Ты мяне паводле Тваёй пастановы, і посьле сустрэнеш мяне ды ў пашане.
 

Каго-ж маю на небе? І на зямлі — кром Цябе — не жадаю нічога.
 

Хаця-б зьнямагалі мае цела і сэрца, Бог скала майго сэрца й удзел мой навекі.
 

Бо, запраўды, гінуць тыя, што ад Цябе адыходзяць; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступіўся.
 

Для мяне-ж блізкасьць Бога ёсьць шчасьце; надзею маю паклаў я ў Госпадзе, каб паведаць усе Твае ўчынкі.