1 Яна 1 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Аб тым, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, што разглядалі і да чаго датыкаліся рукі нашыя, аб Слове жыцьця, —
(бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі, і сьве́дчым, і абвяшчаем вам гэтае ве́чнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам),
аб тым, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы ме́лі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць — з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом.
І гэтае пішам вам, каб радасьць ваша была поўная.
І вось тое абвяшчэньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло́, і няма ў Ім жаднае це́мры.
Калі мы кажам, што маем лучнасьць з Ім, а ходзім у це́мры, дык манім і ня робім па праўдзе;
а калі ходзім у сьвятле́, як Ён у сьвятле́, дык маем лучнасьць між сабою, і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.
Калі кажам, што ня маем грэху, — — ашуківаем самых сябе́, і няма́ ў нас праўды.
Калі вызнаём грахі нашыя, дык Ён — ве́рны і справядлівы, каб дараваць нам грахі нашыя і ачысьціць нас ад усякае няпраўды.
Калі кажам, што мы не саграшылі, дык робім ілжывым Яго, і няма́ ў нас слова Ягонага.