Псалтыр 27 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Псальм Давідавы (перад памазаньнем).Госпад ёсьць сьветласьць мая і збаўленьне маё: каго-ж мне баяцца? Госпад ахова жыцьця майго: каго-ж мне палохацца?
 

Калі злачынцы зьбяруцца насупраць мяне, каб пажэрці цела маё, — праціўнікі й ворагі мае — яны самі спаткнуцца ды ўпадуць.
 

Калі войска азброіцца супраць мяне, сэрца маё не спалохаецца, калі ўзьнімецца супраць мяне вайна, я й тады спадзяваціся буду.
 

Аднаго я прашу ў Госпада й гэтага толькі жадаю: каб жыці мне ў доме Гасподнім усе дні жыцьця майго, каб бачыць хараство Госпада й адведываць сьвятыню Ягоную.
 

Бо Ён засланяе мяне ў палатцы Сваёй у дзень напасьці, Ён укрывае мяне пад заслонай сялібы Сваёй, ды ўзносіць мяне на скалу.
 

Гэтак узносіцца цяпер галава мая панад усімі ворагамі навакол мяне, і складаціму Госпаду ахвяры ў палатцы Ягонай пад трубныя гукі, буду Госпаду пяяці й іграці.
 

Пачуй, Госпадзе! Голасна я гукаю. Зьлітуйся-ж нада мною й адгукніся!
 

Аб Табе гаворыць сэрца маё, мовячы: Шукайце аблічча Майго! Я буду шукаці аблічча Твайго, Госпадзе!
 

Не хавай ад мяне аблічча Твайго, не гані ў гневе раба Твайго! Ты быў мне ўспамогай! Не адцурайся-ж мяне і не пакінь мяне, Божа, Спасе мой!
 

Бо і бацька і маці мая пакінулі мяне, а Госпад прыймае мяне.
 

Пакажы мне, Госпадзе, шлях Твой і вядзі мяне простай сьцежкай, насупраць ворагам маім!
 

Не аддавай мяне ярасьці праціўнікаў маіх, бо сьведкі фальшывыя паўсталі проці мяне і той, што дыхае беззаконьнем.
 

Але я веру, што ўгледжу дабрату Госпада ў краіне жывых.
 

Спадзявайся на Госпада! Будзь мужны і сэрца тваё ўмацуй. Але, спадзявайся на Госпада!