Псалтыр 83 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Божа! Не маўчы й не аставайся моўчкі ды ў супакоі, о Божа!
Бо вось узварухнуліся ворагі Тваі, і ненавісьнікі Тваі паднялі галаву.
Проці народу Твайго куюць яны замыслы здрадніцкія і змаўляюцца проці тых, каго Ты ахоўваеш.
Яны сказалі: Вось, зьніштожым мы іх, каб яны ня былі больш народам, каб імя Ізраіля не ўспаміналася болей.
Бо ўрадзілі яны аднадушна і змову супраць Цябе ўчынілі:
палаткі Эдомавы ды Ізмайліты, Моаб і Агаране,
Гэбал і Аммон і Амаліх, Хвілістыны й жыхары Тыру;
і Ассур далучыўся да іх: яны падаюць руку сваю сыном Лотавым.
Зрабі-ж Ты ім тое самае, што Мадыяму, што Сысары, што Ябіну ля патоку Кіссону,
якія зьніштожаны каля Эндору, сталіся гноем дзеля зямлі.
Зрабі Ты з імі, з старшынямі іхнімі, як з Арэбам і Зэбам, ды з усімі князямі іх, як з Зэбам і Салманам,
якія казалі: Заўладаем загонамі Божымі!
Мой Божа! Зрабі іх, як пыл у віхры, як салома пад ветрам!
Як агонь лясы пажырае і полымя горы апальвае,
гэтак жані Ты іх бурай Тваёю і віхрам Тваім напалохай!
Напоўні сорамам твар іх, каб іменьня, о Госпадзе, шукалі Твайго.
Асаром Ты іх ды спалохай навекі, каб у сораме згінулі,
каб пазналі, што імя Тваё — Госпад, ды што Сам Ты над усёй зямлёй Найвышэйшы.