Псалтыр 141 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Псальм Давідавы.Госпадзе, клічу Цябе! Пасьпяшы да мяне! Зваж на голас мой, калі Цябе прызываю!
 

Няхай будзе малітва мая, як кадзідла прад абліччам Тваім, а рук маіх узьніманьне — як ахвяра вячорная!
 

Пастаў, Госпадзе, варту вуснам маім, сьцеражы дзьверы вуснаў маіх!
 

Ня дай сэрцу майму да благога схіляцца ды чыніць беззаконнае з ліхімі людзьмі; ня дай, каб ласотак іх я каштаваў.
 

Няхай мяне б’е справядлівы — то-ж ласка; няхай мяне дакарае — гэта-ж найлепшы алей, што галаве маёй не пашкодзіць; але малітва мая — проці злачынстваў іхніх.
 

Іх судзьдзі па скалах расьцярушаны, але чуюць словы мае, як лагодныя яны.
 

Быццам хтось землю гарэ і трушчыць, так крышаць і нас: косьці нашыя сыплюцца ў ляпу бяздоньня.
 

Але к Табе, Госпадзе, мой Валадару, вочы мае скіраваны: у Цябе я шукаю патолі, не адапхні Ты маёй душы.
 

Захавай Ты мяне ад сецяў, што мне яны настаўлялі, ад западні злачынцаў.
 

Няхай пападуцца — адзін за адным — бязбожныя ў сеці свае, а я абміну іх.