Псалтыр 76 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Кіраўніку хору: на струнных. Псальм Асапавы. Песьня.
 

Ведамы Бог у Юдэі, вялікае ў Ізраілю імя Яго.
 

Аджа ў Саліме палатка Ягоная і жыльлё Яго на Сыоне.
 

Там Ён скрышыў стрэлы луку, шчыт і меч ды вайну. (Зэля)
 

Ты бліскучы, Ты зьяеш, Ты магутней за горы адвечныя.
 

Крэпкія сэрцам дабычай зрабіліся, сон іх зьняў, і мужы дужыя рук сваіх не знайшлі.
 

Ад пагрому Твайго, о Божа Якубавы, і воз ды з канём сном абняты.
 

Ты страшны, і хто можа ўстаяць прад абліччам Тваім у час гневу Твайго?
 

З неба Ты абвясьціў Свой прысуд, і зямля спалохана й сьціхла,
 

калі Бог падняўся на суд, каб даць успамогу ўсім пакорным на зямлі. (Зэля)
 

І гнеў чалавечы абернецца ў славу Табе, і астачу сердаваньня Ты ўсьцішыш.
 

Давайце і спаўняйце абяцаньні Госпаду Богу вашаму: усе, што навакол Яго, нясеце дары Страшному.
 

Ён пазбаўляе духу князёў, Ён страшны для цароў зямных.