Псалтыр 146 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Альлілуя! Слаў, душа мая, Госпада!
 

Хваліць буду Госпада, пакуль жыву; пяяць буду Богу майму, пакуль істную.
 

Не спадзявайцеся на князёў ды на чалавека: няма спасеньня ў яго!
 

Выйдзе дух із яго, і ізноў зямлёю ён зробіцца; у той-жа дзень счэзнуць і мысьлі яго.
 

Шчасьлівы, каму Бог Якубаў дае ўспамогу, надзея чыя — на Госпада, Бога яго,
 

Каторы неба стварыў і зямлю, мора ды ўсё, што ў ім, Каторы вернасьць навекі хавае,
 

Каторы прыгнечаным дасьць справядлівасьць, галодным хлеба дае. Госпад вызваляе вязьняў,
 

Госпад расчыняе вочы сьляпым, Госпад падыймае ўцісьнёных, Госпад любіць пабожных.
 

Госпад ахоўвае захаджалых, памагае сіротам і ўдовам, але шлях бязбожнікаў блутае.
 

Госпад будзе Царом навекі, твой Бог, Сыоне, з роду ды ў род! Альлілуя!