Псалтыр 146 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Хваліце вы Ягову! Хвалі, душа мая, Ягову!
 

Буду хваліць Ягову, пакуль жыву; буду пець і граць Богу майму, пакуль я ёсьць.
 

Ня спадзявайцеся на князёў, на сына чалавечага, у каторага няма ратунку!
 

Выходзіць ягоны дух. Ён вяртаецца ў зямлю сваю. У той жа дзень зьнікаюць ягоныя задумы.
 

Шчасьлівы той, каму Бог Якубаў ёсьць дапамогай, у каго надзея на Ягову, Бога ягонага,
 

Які стварыў Нябёсы і зямлю, мора і ўсё, што ў ім, Які трымае Праўду ў вяках вякоў,
 

Які творыць Суд прыгнечаным, Які дае хлеб галодным. Ягова вызваляе вязьняў.
 

Ягова расчыняе вочы сьляпым. Ягова выпрастоўвае прыгнутых. Ягова любіць справядлівых.
 

Ягова ахоўвае прыхадняў. Ён падтрымлівае сірату і ўдаву. Але шлях бязбожнікаў Ён скрыўляе.
 

Ягова будзе валадарыць, як Кароль у вяках вякоў, твой Бог, Сыёне, з роду ды ў род, хваліце вы Ягову!