Псалтыр 143 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Псальм Давідавы. О Ягова, пачуй малітву маю! Прымі да Вуха (Твайго) мольбы мае. У Вернасьці Тваёй, у Справядлівасьці Тваёй адкажы Ты мне.
 

І ня ўваходзь у суд са слугою Тваім, бо ня праў перад Табою ніхто з жывых;
 

бо вораг перасьледуе душу маю, затаптаў у зямлю жыцьцё маё, прымусіў мяне жыць у цемры, як даўно памерлых.
 

Зьнямагае ўва мне дух мой. Сэрца маё здранцьвела ўнутры мяне.
 

Я ўспамінаю дні старадаўнія, разважаю пра ўсе Дзеяньні Твае. Я разважаю пра стварэньне Рук Тваіх.
 

Я працягваю да Цябе рукі мае. Душа мая прагне Цябе, як перасохлая зямля (вільгаці). Зэля.
 

Хутчэй выслухай мяне, о Ягова! Дух мой зьнямагае. Ня хавай Аблічча Твайго ад мяне, каб я ня стаўся падобным да тых, што зыходзяць у магілу.
 

Дай мне нараніцы пачуць Міласэрдзе Тваё, бо на Цябе я спадзяюся. Пакажы Ты мне шлях, па якім я пайду, бо да Цябе я ўзьнімаю душу́ маю.
 

Вырві Ты мяне, о Ягова, ад ворагаў маіх! У Цябе я маю сховішча.
 

Вучы мяне спаўняць Волю Тваю, бо Ты — мой Бог. Хай добры Твой Дух вядзе мяне ў зямлю справядлівасьці.
 

Дзеля Імя Твайго, о Ягова, ажыві мяне! Дзеля Справядлівасьці Тваёй вывядзі Ты душу́ маю з прыгнёту.
 

І ў Міласэрнасьці Тваёй вынішчы Ты ворагаў маіх і выгубі ўсіх прыгнятальнікаў душы маёй, бо я слуга Твой.