Псалтыр 108 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Песьня. Псальм Давідавы.
 

Сапраўды, гатовае сэрца маё (і) чэсьць мая, Божа. Я буду сьпяваць і іграць.
 

Паўстань псалтыр і гарпа! Я разбуджу сьвітаньне.
 

Я буду вызнаваць хвалу Табе, Ягова, між народаў, і пяяць Табе і славіць Цябе між плямёнаў,
 

бо вышэй за нябёсы Міласэрнасьць Твая, і Праўда Твая — да аблокаў.
 

Будзь узьнясёны над нябёсамі, Божа! І Слава Твая хай будзе над усёй зямлёй.
 

Так што каб былі вызвалены ўлюбляныя Твае, выратуй Ты Правіцай Тваёй і адкажы мне.
 

Прамовіў Бог у Сьвятасьці Сваёй: «Я ўзьвесялюся. Разьдзялю Сыхэм, і даліну Сукот абмераю.
 

Мой Галаад, Мой Манаса, і Яхрэм — крэпасьць Маёй Галавы; Юда — бэрла Маё.
 

Мааб — умывальная шаля Мая; на Адом кіну абутак Мой; над Пілістэяй Я буду радавацца».
 

Хто ўвядзе мяне да ўмацаванага места? Хто завядзе мяне да Адому?
 

Ці ня Ты, Божа, (Які) пакінуў нас, і ня выходзіш, Божа, з нашымі войскамі?
 

Дай нам дапамогу ва ўціску, бо чалавечая дапамога ёсьць марнота.
 

З Богам мы выявім магутнасьць, і Ён растопча нашых прыгнятальнікаў.