Псалтыр 116 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Я люблю (Ягову), бо Ягова пачуў голас мой, маленьні мае,
 

бо Ён нахіліў Вуха Сваё да мяне. Дык буду прыклікаць Яго ўва ўсе мае дні.
 

Путы сьмерці абхапілі мяне, і мукі пякельныя знайшлі мяне. Я знайшоў гора і бяду.
 

Але я прыклікаў Імя Яговы: «О, Ягова, дай душы маёй уцячы!»
 

Багадатны ёсьць Ягова і Праведны, і Бог наш спачувальны.
 

Ягова ёсьць Ахоўнік прастадушных. Я быў зьнямагаючым, але Ён выратаваў мяне.
 

Вярніся, душа мая, у спакой твой, бо Ягова зрабіў табе добрае.
 

Бо Ты вызваліў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёзаў, нагу маю — ад спатыканьня.
 

Я буду хадзіць перад Абліччам Яговы ў землях жывых.
 

Я веру, таму я гавару: «Я ёсьць вельмі прыніжаны».
 

Я сказаў у пасьпешлівасьці маёй: «Усе людзі ілгуць».
 

Як я аддзячу Ягове за ўсе Ягоныя дабрадзеі да мяне?
 

Я ўзьніму келіх збаўленьня, і я прыклічу Імя Яговы.
 

Абяцаньні мае я аддам Ягове перад усім народам Ягоным.
 

Дарагая ёсьць у Вачах Яговы сьмерць Ягоных сьвятых.
 

О Ягова! я слуга Твой. Я слуга Твой, сын Тваёй служанкі. Ты разамкнуў мае кайданы.
 

Я ахвярую Табе ахвяру ўдзячнасьці, і прыклікаю Імя Яговы.
 

Абяцаньні мае я аддам Ягове перад усім народам Ягоным,
 

у панадворках Дому Яговы, сярод цябе, Ярузаліме. Хваліце вы Ягову!