Псалтыр 49 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Кіраўніку хору. Сыноў Карэявых. Псальм.
 

Слухайце гэта, усе народы! Прыслухайцеся ўсе жыхары сьвету,
 

сыны простага чалавека, як і сыны пана, багаты і ўбогі разам!
 

Вусны мае вымавяць мудрасьць, а развага сэрца майго — веданьні.
 

Схілю вуха маё да прыпавесьці, адкрыю загадку маю (пад гук) гарпы.
 

Чаму я маю баяцца ў дні ліхія, калі акружыць мяне нясправядлівасьць маіх перасьледвальнікаў,
 

якія спадзяюцца на сваё багацьце і хваляцца лішкам сваіх дастаткаў?
 

Чалавек ніколі ня меў такой маёмасьці, каб выкупіць брата свайго; ён ня мог даць Богу выкуп,
 

бо занадта вялікая цана выкупу іхнай душы, таму ён вымушаны адмовіцца ад гэтага навекі,
 

каб ён застаўся жыць вечна і ня ўбачыў магілы;
 

бо ён бачыць: паміраюць мудрыя; гінуць разам не́вукі і бязглуздыя, і пакідаюць маёмасьць сваю іншым.
 

У думках іхных, што хаты іхныя вечныя, і што жытло іхнае з роду ды ў род. Яны называюць землі сваім íмем.
 

Але чалавек ня застанецца ў пашане. Ён прыпадабляецца жывёліне, якая гіне.
 

Такая дарога іхная ёсьць іхная няразумнасьць. І тыя, што ідуць за імі, упадабалі іхныя словы. Зэля.
 

Яны зьбіраюцца ў купу, як авечы статак, (каб ісьці туды), у мейсца сьмерці. Сьмерць пасьвіць іх. А раніцай праведнікі запануюць над імі. Шэоль скрышыць іхную сілу, так што ня застанецца іхнага жытла.
 

Сапраўды, Бог адкупіць душу́ маю ад улады шэолю, і Ён прыме мяне. Зэля.
 

Ня бойся, калі чалавек багацее, і слава дому ягонага множыцца,
 

бо калі памрэ ён, то нічога з сабой ня забярэ. Слава ягоная за ім ня пойдзе.
 

Хоць пры жыцьці сваім ён душу́ сваю багаслаўляў, — а другія славяць цябе, калі ты сабе робіш добрае,
 

яна пойдзе туды, да роду ейных ба́цькаў. Яны ў вечнасьці ня ўбачаць сьвятла.
 

Чалавек, які ў пашане, але няразумны, ёсьць падобны жывёлам, якія гінуць.