Псалтыр 13 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Кіраўніку хору: Псальм Давідавы.
 

Дакуль, Ягова, будзеш зусім мяне забываць? Дакуль Аблічча Сваё будзеш хаваць ад мяне?
 

Дакуль му́шу перажываць клопаты ў маёй душы, перажываць тугу́ ў сэрцы маім кожны дзень? Дакуль мой вораг будзе ўзвышацца нада мною?
 

Глянь і выслухай мяне, Ягова, Божа мой! Прасьвятлі вочы мае, каб я ня заснуў сьмяротным сном,
 

каб ня сказаў мой вораг: я перамог яго! каб перасьледавацелі мае ня радаваліся, калі я пахіснуся.
 

Але я спадзяюся на Тваю міласэрнасьць. Сэрца маё радуецца праз Твой ратунак. Буду пець Ягове, бо Ён даў мне даброты.