Псалтыр 13 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: Псальм Давідавы.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

Дакуль, Ягова, будзеш зусім мяне забываць? Дакуль Аблічча Сваё будзеш хаваць ад мяне?
 
Дакуль, ГОСПАДЗЕ? Ці назаўсёды забудзешся пра мяне? Дакуль будзеш хаваць аблічча Тваё ад мяне?

Дакуль му́шу перажываць клопаты ў маёй душы, перажываць тугу́ ў сэрцы маім кожны дзень? Дакуль мой вораг будзе ўзвышацца нада мною?
 
Дакуль я буду складаць парады ў душы маёй, [складаць] смутак у сэрцы маім штодня? Дакуль вораг мой будзе ўздымацца нада мною?

Глянь і выслухай мяне, Ягова, Божа мой! Прасьвятлі вочы мае, каб я ня заснуў сьмяротным сном,
 
Глянь, адкажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Прасьвятлі вочы мае, каб не заснуў я сьмерцю,

каб ня сказаў мой вораг: я перамог яго! каб перасьледавацелі мае ня радаваліся, калі я пахіснуся.
 
каб не казаў вораг мой: «Я перамог яго», каб прыгнятальнікі мае ня радаваліся, калі я пахіснуся.

Але я спадзяюся на Тваю міласэрнасьць. Сэрца маё радуецца праз Твой ратунак. Буду пець Ягове, бо Ён даў мне даброты.
 
А я спадзяюся на міласэрнасьць Тваю; будзе радавацца сэрца маё са збаўленьня Твайго. Буду сьпяваць ГОСПАДУ, бо Ён зрабіў дабро мне.