Псалтыр 54 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Са струннай ігрой. Навука Давідава.
 
Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда,

Калі зыхвеі прыйшлі і сказалі Саўлу: «Ці ня хаваецца Давід паміж намі?»
 
калі прыйшлі Зіфеі і сказалі Саўлу: «Ці ж гэта не Давід схаваўся ў нас?»

Божа, Імем Тваім уратуй мяне і твары мне суд паводля ўлады Тваёй!
 
Божа, імем Тваім збаў мяне, і магутнасьцю Тваёю вядзі справу маю!

Божа, пачуй малітву маю! Прыхілí Вуха Тваё да слоў малітвы маёй,
 
Божа, пачуй малітву маю, прыхілі вуха да словаў вуснаў маіх!

бо чужынцы паўсталі супраць мяне, прыгнятальнікі шукаюць душы маёй. Яны ня ставяць Бога перад сабою. Зэля.
 
Бо чужынцы паўсталі супраць мяне, і моцныя шукаюць душы маёй; яны ня маюць Бога перад сабою. (Сэлях)

Дык вось! Бог успаможнік мой. Мой Госпад ёсьць падтрымка душы маёй.
 
Вось, Бог — дапамога мая; Госпад падтрымлівае душу маю.

Ён зробіць так, каб лíха вярнулася назад на маіх не́прыяцеляў. І Праўдай Тваёю зьнішчы іх!
 
Зьвяртаючыся, зьвернецца ліха на ворагаў маіх. У праўдзе Тваёй Ты вынішчы іх!

Я дабраахвотна прынясу Табе ахвяру, буду вызнаваць Імя Тваё, Ягова, бо Яно — добрае,
 
Тады ахвотна буду складаць ахвяры Табе; буду славіць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ, бо Ты — добры!

бо Ён вызваліў мяне з усіх бедаў, і на ворагаў маіх глядзела маё вока.
 
Бо Ты вызваліў мяне ад усіх трывогаў, і на [загубу] ворагаў маіх глядзелі вочы мае.