Псалтыр 54 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. На струнах. Маскіль. Давідаў.
 
Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда,

Пасля таго, як зіфейцы прыйшлі да Саўла, кажучы: «Вось, Давід у нас хаваецца».
 
калі прыйшлі Зіфеі і сказалі Саўлу: «Ці ж гэта не Давід схаваўся ў нас?»

Божа, збаў мяне ў імя Тваё і ў магуцці Тваім судзі мяне.
 
Божа, імем Тваім збаў мяне, і магутнасьцю Тваёю вядзі справу маю!

Божа, выслухай маё маленне, вушамі ўспрымі словы маіх вуснаў.
 
Божа, пачуй малітву маю, прыхілі вуха да словаў вуснаў маіх!

Бо пыхліўцы падняліся супраць мяне і моцныя шукалі душу маю, і не паставілі яны Бога перад сабою.
 
Бо чужынцы паўсталі супраць мяне, і моцныя шукаюць душы маёй; яны ня маюць Бога перад сабою. (Сэлях)

А вось Бог падтрымлівае мяне, Госпад — абаронца душы маёй.
 
Вось, Бог — дапамога мая; Госпад падтрымлівае душу маю.

Павярні ліха на непрыяцеляў маіх і ў праўдзе Тваёй павынішчай іх.
 
Зьвяртаючыся, зьвернецца ліха на ворагаў маіх. У праўдзе Тваёй Ты вынішчы іх!

Добраахвотна складу я ахвяру Табе, вызнаваць буду імя Тваё, Госпадзе, бо яно добрае;
 
Тады ахвотна буду складаць ахвяры Табе; буду славіць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ, бо Ты — добры!

бо ўратаваў Ён мяне ад усіх бед, і на непрыяцеляў маіх глядзела з пагардай вока маё.
 
Бо Ты вызваліў мяне ад усіх трывогаў, і на [загубу] ворагаў маіх глядзелі вочы мае.