Псалтыр 56 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору. Паводле «Галубка далёкіх тэрэбінітаў». Давідаў. Міктам. Калі яго філістынцы затрымалі ў Геце.
Кіраўніку хору: на лад “Галубка бязмоўная ў мясьцінах далёкіх”. Залатая песьня Давіда, калі яго ў Гаце схапілі Філістынцы.
Пашкадуй мяне, Божа, бо растаптаў мяне чалавек, цэлы дзень нападаючы, апанаваў мяне.
Зьлітуйся нада мною, Божа, бо прагне праглынуць мяне чалавек; усякі дзень нападаючы, уціскае мяне.
Тапталі мяне непрыяцелі мае цэлы дзень, бо шмат іх ваюе проці мяне, о Найвышэйшы!
Прагнуць праглынуць мяне ворагі мае ўвесь дзень, бо шмат іх ваюе супраць мяне, Найвышэйшы!
У які дзень нападзе на мяне страх, я ў Табе, Усемагутны, маю надзею.
У дзень, калі я баюся, я спадзяюся на Цябе.
У Богу, слова Якога я слаўлю, у Богу паклаў я надзею: не баюся: што можа зрабіць мне чалавек?
У Богу буду хваліцца словам Ягоным. На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што цела можа зрабіць мне?
Цэлы дзень перашкаджалі яны маім справам, усе задумы іх адносна мяне — на ліха.
Штодзень яны перакручваюць словы мае; супраць мяне ўсе думкі іхнія, [каб учыніць мне] зло.
Усчынялі яны лаянку, строілі падкопы, самі сачылі за крокамі маімі. Так, як шукалі яны душу маю,
Яны зьбіраюцца і хаваюцца, яны высочваюць сьляды мае, бо цікуюць на душу маю.
так аддай ім за несправядлівасць, выгубі ў гневе народы, Божа.
Дзеля злачынства [іхняга будзь] выратаваньнем для мяне, у гневе [Тваім] адкінь народы, Божа!
Ты палічыў вандраванні мае: пакладзі слёзы мае ў бурдзюку Тваім; ці не палічаны яны Табою?
Туляньне маё Ты мне залічыў. Зьбяры сьлёзы мае ў мяхі Твае, бо яны [запісаныя] ў кнізе Тваёй!
Тады павернуцца непрыяцелі мае назад, у які б дзень ні паклікаў я Цябе: вось, спазнаў, што Ты — мой Бог.
Тады павернуць наўцёкі ворагі мае ў дзень, калі паклічу. Я ведаю, што Бог са мною!
У Богу, слова Якога буду хваліць, у Госпадзе, слова Якога буду хваліць,
У Богу буду хваліцца словам, у ГОСПАДЗЕ буду хваліцца словам [Ягоным].
у Богу маю я надзею, не буду баяцца: што зробіць мне чалавек?
На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што можа зрабіць мне чалавек?
На мне, Божа, абяцанні Твае; аддам я ўхваленні Табе,
На мне, Божа, абяцаньні Твае, дык прынясу падзяку Табе,
бо Ты ўратаваў душу маю ад смерці і ногі мае ад падзення, каб хадзіў я перад Богам у святле жывых.
бо Ты вызваліў душу маю ад сьмерці і стопы мае ад падзеньня, каб хадзіў я перад абліччам Бога ў сьвятле жывых.