Псалтыр 56 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: на лад: Галубка бязмоўная ў мясцох далёкіх. Залаты псальм Давіда, калі яго ў Гаце злавілі Хвілістыны.
 
Кіраўніку хору: на лад “Галубка бязмоўная ў мясьцінах далёкіх”. Залатая песьня Давіда, калі яго ў Гаце схапілі Філістынцы.

Зьмілуйся нада мною Ты, Божа, бо людзі скрышаць мяне; ціснуць ваякі мяне, усьцяж нападаючы.
 
Зьлітуйся нада мною, Божа, бо прагне праглынуць мяне чалавек; усякі дзень нападаючы, уціскае мяне.

Усьцяж разьбіваюць мяне мае ворагі, бо многа ваюе іх проці мяне, Найвышэйшы!
 
Прагнуць праглынуць мяне ворагі мае ўвесь дзень, бо шмат іх ваюе супраць мяне, Найвышэйшы!

Калі страх мяне агартае, я на Цябе спадзяюся.
 
У дзень, калі я баюся, я спадзяюся на Цябе.

Дзеля Бога хваліціму слова Яго, на Бога я спадзяюся й не пабаюся; што цела можа зрабіць мне?
 
У Богу буду хваліцца словам Ягоным. На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што цела можа зрабіць мне?

Што-дня перакручваюць словы мае; усе думкі іх супраць мяне скіраваны на зло.
 
Штодзень яны перакручваюць словы мае; супраць мяне ўсе думкі іхнія, [каб учыніць мне] зло.

Яны зьбіраюцца й сочаць мяне, падглядаюць крокі мае, каб схапіць маю душу.
 
Яны зьбіраюцца і хаваюцца, яны высочваюць сьляды мае, бо цікуюць на душу маю.

За іх беззаконьне адплаці Ты ім; адкінь, о Божа, у гневе народы!
 
Дзеля злачынства [іхняга будзь] выратаваньнем для мяне, у гневе [Тваім] адкінь народы, Божа!

Туляньне маё Ты мне залічыў; сабраны сьлёзы мае ў судзіну Тваю, ды напэўна ў кнізе Тваёй!
 
Туляньне маё Ты мне залічыў. Зьбяры сьлёзы мае ў мяхі Твае, бо яны [запісаныя] ў кнізе Тваёй!

Тады павернуць наўцёкі мае ворагі, калі гукну: я ведаю тое, што Госпад за мною!
 
Тады павернуць наўцёкі ворагі мае ў дзень, калі паклічу. Я ведаю, што Бог са мною!

Дзеля Бога хваліціму слова Яго, у Госпадзе ўслаўлю Ягонае слова.
 
У Богу буду хваліцца словам, у ГОСПАДЗЕ буду хваліцца словам [Ягоным].

На Бога я спадзяюся й не пабаюся: што могуць зрабіці мне людзі?
 
На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што можа зрабіць мне чалавек?

Табе, о Божа, я даў абяцаньні: дык аддам Табе жэртву хвалебную,
 
На мне, Божа, абяцаньні Твае, дык прынясу падзяку Табе,

бо Ты спас маю душу ад сьмерці і стопы мае ад упадку, каб хадзіў я ў сьветласьці тых, што жывуць, перад Богам.
 
бо Ты вызваліў душу маю ад сьмерці і стопы мае ад падзеньня, каб хадзіў я перад абліччам Бога ў сьвятле жывых.