Псалтыр 19 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
Кіраўніку хору. Псальм Давіда.
Нябёсы апавядаюць славу Божую, і прасторы выяўляюць творчасьць рук Ягоных.
Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, і прасьцяг апавядае пра творы рук Ягоных.
Дзень дню наказуе вестку, і ночка ночцы яе адкрывае.
Дзень дню пераказвае вестку, і ноч ночы выказвае веданьне.
Няма мовы, няма слова, але чуцен голас іх.
Бяз гуку, бяз словаў, ня чутны голас іхні.
Па ўсенькай зямлі гук іх разыходзіцца, а словы іхнія ажно па край сьвету. У ім Ён паставіў шацёр сонцу.
Па ўсёй зямлі разыходзіцца гучаньне іхняе, а мова іхняя — да краю сусьвету. На іх Ён паставіў намёт для сонца,
Яно падобнае да жаніха, што выходзе із спальні вясельнае, яно радае прабегчы, бы волат, свой кругабег.
і яно як жаніх выходзіць з пакою свайго, яно радасна гукае, як волат, калі прабег сьцяжыну сваю.
Ад краю неба выходзе яно і бяжыць да краю свайго, і нішто ня ўкрыецца ад гарачыні яго.
Ад краю неба выходзіць яно і бяжыць да краю ягонага, і нішто не схаваецца ад гарачыні ягонай.
Закон Гасподні дасканалы: ён душу пасілкуе. Аб’ява Гасподняя пэўная, яна прастака навучае.
Закон ГОСПАДА беззаганны, ён навяртае душу. Сьведчаньне ГОСПАДА вернае, яно робіць мудрым неразумнага.
Загады Госпада справядлівыя, яны радуюць сэрца; запаведзь Гасподняя прачыстая, яна вочы прасьвятляе.
Загады ГОСПАДА слушныя, яны радуюць сэрца. Прыказаньне ГОСПАДА яснае, яно прасьвятляе вочы.
Служэньне Госпаду чыстае, яно навекі трываціме; прысуды Гасподнія правільныя, яны ўсё справядлівыя.
Страх перад ГОСПАДАМ чысты, ён будзе трываць вечна. Суды ГОСПАДА праўдзівыя, а таксама справядлівыя.
Яны больш пажаданыя, чым золата — чыстае золата — і саладзейшыя за мёд і сок сотавы.
Яны больш пажаданыя, чым золата, больш, чым золата найчысьцейшае, і саладзейшыя за мёд і мёд сотавы.
І раб Твой праз іх захаваны будзе; хто дзяржыцца іх, нагароду меціме вялікую.
І слуга Твой праз іх будзе навучаны. Хто захоўвае іх, [будзе мець] нагароду вялікую.
Каму ўсьвядомлены ўсе памылкі яго? Ад тайных грахоў ачысьці Ты мяне!
Хто зразумее памылкі свае? Ад схаваных [грахоў] вызвалі мяне!
Ды захавай раба Твайго ад самавольства: няхай яно над ім не запануе. Тады буду я беззаганны і чысты ад блуду вялікага.
І трымай далёка слугу Твайго ад свавольства, няхай яно нада мною не пануе. Тады я буду беззаганны і ня буду мець пакараньня за правіну вялікую.
Няхай словы вуснаў маіх і мысьлі сэрца майго будуць Табе даспадобы, Госпадзе, Скала мая і Спасе мой!
Няхай словы вуснаў маіх і разважаньні сэрца майго будуць даспадобы Табе, ГОСПАДЗЕ, Скала мая і Абаронца мой!