Псалтыр 8 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: на Гацкі лад. Псальм Давідавы.
 
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Псальм Давіда.

Госпадзе, Валадару наш! Як узьвялічана імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая ўзьняслася панад нябёсы!
 
ГОСПАДЗЕ, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая ўзьнесеная па-над нябёсы!

Праз вусны дзетак, малых і пры грудзёх, збудаваў Ты апору супраць ворагаў Тваіх, каб замаўчалі ворагі і мсьціцелі.
 
З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты зрабіў умацаваньне супраць ненавісьнікаў Тваіх, каб спыніць ворага і мсьціўцу.

Углядаючыся на неба Тваё, твор пальцаў Тваіх, на месяц ды на зоркі, што Ты панастаўляў.
 
Калі я гляджу на неба Тваё, твор пальцаў Тваіх, на месяц і на зоркі, якія Ты паставіў,

я думаю: што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш аб ім, і сын чалавечы, што Ты даведываешся яго?
 
я думаю: «Што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?

Ня шмат Ты паменшыў яго перад Ангеламі, ды славай і чэсьцяй ахутаў Ты яго,
 
Не нашмат Ты паменшыў яго перад багамі, і славай і веліччу Ты ўкаранаваў яго,

і зрабіў яго гаспадаром над творамі рук Тваіх, і ўсё Ты паклаў пад ногі яму:
 
і даў яму панаваць над творамі рук Тваіх, і ўсё Ты паклаў пад ногі яму:

авечак і валоў усіх, дый зьвяр’ё палявое,
 
авечак і валоў усіх, і зьвяроў палявых,

птахаў пад нябёсамі й рыбаў у моры — і ўсё, што ходзе сьцежкамі марскімі.
 
птушак у небе, і рыбаў у моры, і ўсё, што ходзіць сьцежкамі марскімі».

Госпадзе, Валадару наш! Як узьвялічана імя Тваё па ўсенькай зямлі!
 
ГОСПАДЗЕ, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі!