Псалтыр 34 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Псальм Давідавы: калі ён перад Абімэлехам удаваў варята і быў выгнаны ім ды пайшоў сабе.
 
[Псальм] Давіда, калі ён перад Абімэлехам удаваў вар’ята і быў выгнаны ім, і пайшоў сабе.

Я буду хваліці Госпада кожную часіну; хвала Яго ўсьцяж будзе на вуснах маіх.
 
Буду дабраслаўляць ГОСПАДА ў-ва ўсякі час; хвала Яго будзе заўсёды на вуснах маіх.

Госпадам будзе хваліцца душа мая; нешчасьлівыя пачуюць і разьвесяляцца.
 
У ГОСПАДЗЕ будзе хваліцца душа мая; пачуюць [пра гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца.

Слаўце Госпада разам са мною, і ўзьвялічым імя Ягонае!
 
Узьвялічвайце ГОСПАДА са мною, і разам будзем вывышаць імя Ягонае!

Я шукаў Госпада, і Ён даваў мне послух ды спасаў мяне ад усяго, чаго я баяўся.
 
Я шукаў ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, і ад усяго, чаго я баяўся, выратаваў мяне.

Хто ўзіраўся на Яго, той быў асьветлены, і твару ягонаму не даводзілася бялець.
 
Глядзіце на Яго і зыходзьцеся [да Яго], і абліччы вашыя ня будуць у ганьбе.

Вось нешчасьлівец, які гукаў, і Госпад пачуў яго ды вызваліў яго з усіх напасьцяў.
 
Убогі клікаў, і ГОСПАД пачуў [яго], і збавіў яго ад усіх трывогаў ягоных.

Ангел Гасподні вартуе каля тых, што баяцца Бога, і вызваляе іх.
 
Анёл ГОСПАДА ставіць табар вакол тых, якія баяцца Яго, і ратуе іх.

Паспытайце й даведаецеся, які добры Госпад; шчасьлівы той чалавек, каторы ў Яго шукае патолі.
 
Паспытайце і ўбачце, які добры ГОСПАД! Шчасьлівы той чалавек, які ў Ім мае надзею.

Бойцеся Бога, вы сьвятыя Ягоныя! Бо тыя, што баяцца Яго, ня ведаюць ні ў чым нястачы.
 
Бойцеся ГОСПАДА, вы, сьвятыя Ягоныя! Бо ня маюць нястачы тыя, якія баяцца Яго.

Львяты бядуюць і церпяць голад; але тыя, што шукаюць Госпада, ня церпяць ад нястачы якога-хоч дабра.
 
Львяняты бядуюць і галадуюць, але тыя, што шукаюць ГОСПАДА, не адчуюць нястачы ўсякага даброцьця.

Хадзеце сюды, дзеці, паслухайце мяне: я навучу вас баяцца Госпада.
 
Хадзіце сюды, сыны, паслухайце мяне, я навучу вас страху перад ГОСПАДАМ.

Хто ёсьць чалавек, які хоча жыці, жадае доўгага жыцьця, каб убачыць шчасьце?
 
Хто ёсьць чалавек, якому даспадобы жыцьцё, які любіць [доўгія] дні, каб убачыць добрае?

Узьдзержывай язык свой ад ліхога і вусны свае ад слоў крывадушных.
 
Захоўвай язык свой ад ліхога, а вусны свае — ад слова крывадушнага.

Ухіляйся ад ліхога й рабі добрае; шукай супакою й рупіся аб яго.
 
Ухіляйся ад ліхога і рабі добрае; шукай супакою і імкніся да яго.

Вочы Госпада на справядлівых скіраваны, а вушы Ягоныя — на плач іхні.
 
Вочы ГОСПАДА — на праведных, і вушы Ягоныя — на лямант іхні.

Але аблічча Госпада проці тых, што робяць ліхое, каб вынішчыць памяць аб іх на зямлі.
 
Аблічча ГОСПАДА — супраць тых, якія робяць ліхое, каб вынішчыць з зямлі памяць пра іх.

Справядлівыя крычаць да Госпада, і Ён чуе іх ды вызваляе іх з усіх іхніх бедаў.
 
[Праведныя] крычаць, і ГОСПАД чуе іх, і ад усіх бедаў іхніх ратуе іх.

Госпад блізкі да тых, што сэрца маюць зламанае, і памагае тым, у каго душа разьбітая.
 
ГОСПАД блізкі да тых, у каго сэрца скрышанае, і збаўляе тых, у каго дух разьбіты.

Шмат мук у пабожнага, ды Госпад з усіх яго вызваляе;
 
Шмат ліхога [здараецца] ў праведнага, але з усяго гэтага ратуе яго ГОСПАД.

Ён пілнуе ўсе косткі ягоныя, каб ніводнае не паламалі.
 
Ён захоўвае ўсе косткі ягоныя, каб ніводную не паламалі.

Ліха забець бязбожніка, і будуць каяцца тыя, што ненавідзяць Справядлівага.
 
Ліхоцьце прывядзе да сьмерці бязбожніка, і будуць абвінавачаныя тыя, якія ненавідзяць Праведнага.

Госпад спасае душы рабоў Сваіх, і ўсе, што шукаюць патолі ў Яго, ня будуць каяцца.
 
ГОСПАД выбаўляе душы слугаў Сваіх, і ўсе, якія маюць надзею ў Ім, ня будуць абвінавачаныя.