Псалтыр 38 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Псальм Давідавы: напамінаньне аб субоце.
 
Псальм Давіда. Напамін.

Госпадзе, ў гневе Тваім не засудзі Ты мяне! І ў ярасьці Тваёй мяне не карай Ты!
 
ГОСПАДЗЕ, у абурэньні Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!

Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і рука Твая на мяне лягла.
 
Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і лягла на мяне рука Твая.

Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; ад грэху майго ў косьцях маіх нічога цэлага няма.
 
Няма цэлага месца ў целе маім дзеля гневу Твайго, няма супакою ў костках маіх дзеля грэху майго.

Бо праступкі мае вышэй галавы ўзьняліся; як бярэмя цяжкое яны прыгнятаюць мяне.
 
Бо правіны мае ўзьняліся вышэй галавы маёй, як бярэмя цяжкое яны абцяжарваюць мяне.

Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае праз дурасьць маю.
 
Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае дзеля дурасьці маёй.

Зусім я сагнуўся, скрывіўся; усе дні я хаджу ды сумую.
 
Я скрывіўся, моцна схіліўся, усе дні ў смутку хаджу,

Бо крыжы мае паранены, няма цэлага месца на целе маім.
 
бо сьцёгны мае напоўненыя распаленымі [ранамі], і няма цэлага месца ў целе маім.

Зусім я зьнямогся й змарыўся бясконца; за льва, што рыкае, я стогну мацней.
 
Я зьнямогся і моцна скрышаны, я выю дзеля енку сэрца майго.

Госпадзе, ўсенька жаданьне маё яўна перад Табою, дый уздыханьне маё ад Цябе ня ўкрыта.
 
Госпадзе мой, перад Табою ўсё жаданьне маё, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае.

Крэпка б’ецца сэрца маё; пакінула мяне сіла мая, і сьветласьць вачэй маіх — няма яе ў мяне.
 
Сэрца маё трапечацца; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх — няма яго ў мяне.

Тыя, што любілі мяне, і прыяцелі мае ўцякаюць ад ранаў маіх, і радня мая воддаль стаіць ад мяне.
 
Тыя, што любілі мяне, і бліжнія мае стаяць насупраць ранаў маіх, і сваякі мае стаяць здалёк ад мяне.

А тыя, што шукаюць душу маю, мне сеці стаўляюць; а тыя, што жадаюць няшчасьця майго, пра пагібель гавораць маю ды ўсьцяж разважаюць аб здрадзе.
 
Тыя, што шукаюць душу маю, ставяць сіло [на мяне]; а тыя, што жадаюць ліхога для мяне, гавораць пра згубу маю і ўвесь дзень задумваюць падступнасьць.

Я-ж, быццам глухі, ня чую, і да нямога падобны, што вуснаў не расчыняе сваіх.
 
А я, быццам глухі, ня чую, і быццам нямы, які не расчыняе вуснаў сваіх.

І стаўся я, як чалавек, што ня чуе, што ў вуснах ягоных няма апраўданьня.
 
І стаўся я, быццам чалавек, які ня чуе, і няма дакараньня ў вуснах ягоных.

Бо на Цябе спадзяюся я, Госпадзе; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа Ты мой!
 
Бо на Цябе, ГОСПАДЗЕ, я спадзяюся; Ты адкажаш, Госпадзе, Божа мой!

І кажу: Каб толькі яны не пацяшаліся нада мной! Калі пахіснулася стапа мая, яны крэпка пышацца пачалі прада мною.
 
Бо я сказаў: «Няхай яны ня радуюцца з мяне! Калі пахіснулася нага мая, няхай яны не вывышаюцца нада мною».

Я блізкі ўпадку, і сум мой усьцяж прада мною.
 
Бо я блізкі да падзеньня, і боль мой заўсёды перада мною.

Бо віну маю вызнаць я мушу, сумую дзеля грэху майго.
 
Бо беззаконьне маё я апавядаю, сумую дзеля грэху майго.

Няшчысьлёныя тыя, што бязьвінна мяне вінавацяць, і многа такіх, што бяз прычыны мяне ненавідзяць.
 
А ворагі мае жывыя і ўзмацняюцца, і шматлікімі сталі тыя, якія няслушна мяне ненавідзяць.

Злом за дабро мне плацяць яны; за тое варожа яны супраць мяне выступаюць, што я за добрым ганюся.
 
Яны плацяць мне злом за дабро; яны супрацьстаяць мне, бо я за добрым ганюся.

Не пакінь мяне, Госпад і Бог мой! Не адыходзь ад мяне Ты!
 
Не пакінь мяне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, не аддаляйся ад мяне!

Пасьпяшы на ўспамогу мне Госпадзе, Спасе Ты мой!
 
Пасьпяшайся на ўспамогу мне, Госпадзе мой, выратаваньне маё!