Псалтыр 29 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Псальм Давідавы. (Пасьля сканчэньня сьвята Кучак.)Аддайце Госпаду, вы, сыны Божыя, аддайце Госпаду хвалу і чэсьць!
Псальм Давіда. Аддайце ГОСПАДУ, сыны Божыя, аддайце ГОСПАДУ славу і моц!
Аддайце Госпаду хвалу іменьня Ягонага, ніцма ўпадзеце прад Госпадам у прыгожай сьвятыні!
Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятасьці!
Голас Гасподні над водамі; Бог Славы загрымеў: Госпад над водамі вялікімі.
Голас ГОСПАДА над водамі; Бог славы загрымеў, ГОСПАД над водамі шматлікімі.
Грымот Гасподні магутны, грымот Гасподні вялічэзны.
Голас ГОСПАДА магутны, голас ГОСПАДА велічны.
Пярун Гасподні крышыць кедры, Госпад крышыць кедры Ліванскія!
Голас ГОСПАДА крышыць кедры, ГОСПАД крышыць кедры Лібанскія,
Ён прымушае іх скакаць, быццам цяляты, Ліван ды Сырыён, як маладых буйвалаў.
і прымушае іх скакаць, быццам цялятаў, Лібан і Сірыён, як маладых аднарогаў.
Пярун Гасподні выкрасае полымя агністае.
Голас ГОСПАДА выкрасае полымя агню.
Грымот Гасподні ўстрасае пушчай, Госпад устрасае пушчай Кадэс.
Голас ГОСПАДА ўстрасае пустыняй, ГОСПАД устрасае пустыняй Кадэш.
Ад грымоту Гасподняга лані зьлягаюць і лясы асыпаюцца, і ў храме Ягоным усё кажа: Слава!
Ад голасу ГОСПАДА лані зьлягаюць і лясы асыпаюцца, і ў сьвятыні Ягонай усё кажа: «Слава!»
Над патопам сядзеў Госпад, дый сядзеціме Госпад, як Цар, навекі!.
Над патопам сядзеў ГОСПАД, і будзе сядзець ГОСПАД, як Валадар, на вякі!
Госпад дасьць сілу народу Свайму, Госпад пабагаславіць народ Свой супакоем.
ГОСПАД дасьць сілу народу Свайму, ГОСПАД дабраславіць народ Свой супакоем.