Псалтыр 84 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору: на лад Гацкі. Сыноў Карэявых. Псальм.
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Сыноў Караха. Псальм.
Як-жа прыемна сяліба Твая, о Госпадзе сілаў!
Як умілаваныя сялібы Твае, ГОСПАД Магуцьцяў!
Нудзілася душа мая і тужыла па панадворках Госпадавых; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым.
Прагне і тужыць душа мая па панадворках ГОСПАДА; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым.
Знайшла-ж птушка прыпынак, і ластаўка гняздо знайшла, дзе птушанятак сваіх укладае: ля ахвярнікаў Тваіх, Госпадзе сілаў нябесных, Цару Ты мой і мой Божа!
Нават птушка адшукала дом, ластаўка — гняздо для сябе, дзе птушанятак сваіх укладае: каля ахвярнікаў Тваіх, ГОСПАД Магуцьцяў, Валадар мой і Бог мой!
Багаслаўлены тыя, што ў Доме Тваім маюць жыльлё, нясупынна яны выхваляюць Цябе. (Зэля)
Шчасьлівыя тыя, што жывуць у Доме Тваім, заўсёды яны [ўзносяць] хвалу Табе. (Сэлях)
Шчасьлівы чалавйк, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога к Табе!
Шчасьлівы чалавек, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога [да Цябе]!
Праходзячы далінаю сьлёзаў, яны робяць яе месцам крынічным, і дождж веснавы пакрывае яе багаслаўленьнем.
Праходзячы далінаю дрэваў бальзамовых, яны адкрываюць крыніцы, і дождж раньні пакрывае яе дабраслаўленьнем.
Гэтак ад сілы да сілы ідуць яны і прыходзяць да Бога на гару на Сыонскую.
Ідуць яны ад сілы да сілы, і прыходзяць да Бога на Сыён.
Госпадзе, Божа сілаў! Пачуй малітву маю, выслухай яе, Божа ЯкубавыІ
ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, пачуй малітву маю! Прыхілі вуха, Божа Якуба! (Сэлях)
Божа, наш шчыце! Зірні й паўзірайся на аблічча памазанца Твайго!
Божа, шчыце наш! Зірні і паглядзі на аблічча памазанца Твайго!
Бо адзін дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу іншых; ляпей ля парога ў Доме Божым стаяць, чым жыць у палатках беззаконьня.
Бо [адзін] дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу [іншых]; я выбіраю стаяць каля парога ў Доме Божым, чым жыць у намётах беззаконьня.
Бо Госпад ёсьць сонца і шчыт; Госпад ласку дае і славу, дый не адмовіць дабра аніякага тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.
Бо ГОСПАД Бог ёсьць сонца і шчыт; ГОСПАД дае ласку і славу, і не адмовіць дабра аніякага тым, якія ў беззаганнасьці ходзяць.
Госпадзе сілаў нябесных! Шчасьлівы той чалавек, што на Цябе спадзяецца!
ГОСПАД Магуцьцяў! Шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца!