Псалтыр 75 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: на лад: не выгубляй. Псальм Асапавы.
 
Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!”. Псальм Асафа. Сьпеў.

Хвалім Цябе, Божа, хвалім Цябе, і тыя, што імя Тваё прызываюць, абвяшчаюць цуды Твае.
 
Славім мы Цябе, Божа, славім, і тыя, што блізкія да імя Твайго, абвяшчаюць цуды Твае.

Калі Я бачу, што час настаў, Я суджу па справядлівасьці.
 
«Калі Я прызначу [месца] спатканьня, Я буду судзіць паводле справядлівасьці.

Калі зямля хістаецца і, хто жыве на ёй, гіне, — Я умацоўваю слупы яе. (Зэля)
 
Калі растапляецца зямля і ўсе, хто жыве на ёй, Я ўзважваю слупы яе. (Сэлях)

Да гордых кажу Я: не надымайцеся! да бязбожных: не падыймайце ўверх рогу!
 
Я кажу да тых, якія хваляцца сабою: “Не хваліцеся!”, і да бязбожных: “Не падымайце рогі!

Не падыймайце высака рогу, не кажэце дзёрзка супраць Скалы!
 
Не падымайце высока рогі свае, не прамаўляйце, дзёрзка [трымаючы] шыю!”»

Бо не з усходу, ні з захаду, ні з пустыні вывышшэньне,
 
Бо ані з усходу, ані з захаду, ані з пустыні вывышэньне,

але Бог есьць Судзьдзя: гэтага Ён паніжае, таго-ж вывышшае.
 
але Бог ёсьць Судзьдзя, гэтага Ён паніжае, а таго вывышае.

Бо мае ў руцэ Госпад чару з віном, якое ў ёй пеніцца; яна поўна напою зьмяшанага, і Ён із яе налівае. Ды толькі фуз яго піць будуць бязбожнікі ўсе на зямлі.
 
Бо ў руцэ ГОСПАДА келіх з віном, якое пеніцца; ён поўны напою зьмяшанага, і Ён з яго налівае, але толькі фуз ягоны будуць піць усе бязбожнікі на зямлі.

Я-ж весяліціся буду навекі, буду славіць Бога Якубавага.
 
А я буду апавядаць [пра гэта] вечна, буду выслаўляць Бога Якуба.

І адсяку Я ўсе рогі бязбожнікам, рогі-ж пабожных высака узьнясуцца.
 
І ўсе рогі бязбожнікам я адсяку, і будуць узьнятыя рогі праведнага.